Праект указу пра падатак на дармаедаў гатовы

У Беларусі падрыхтаваны праект указу прэзыдэнта, які прадугледжвае спагнаньне платы з грамадзянаў, якія не працуюць.
«Ва ўрадзе разглядаецца пытаньне пра ўвядзеньне для грамадзянаў, якія ня ўдзельнічаюць у фармаваньні даходнай часткі бюджэту шляхам сплаты падаткаў, паколькі нідзе фармальна не працуюць, але тым ня менш карыстаюцца сацыяльнымі выгодамі, якія фінансуюцца зь бюджэту», — заявіла начальнік Галоўнай управы фінансаваньня сацыяльнай сфэры і навукі Міністэрства фінансаў Беларусі Сьвятлана Крэтава ў аўторак у беларускім парлямэнце.

Крэтава паведаміла, што праект указу гатовы для ўхваленьня.

Плянуемы «падатак на дармаедаў» складзе 2,6 мільёна рублёў на год — гэта каля $280.

Паводле падлікаў прэм’ера Міхаіла Мясьніковіча, у Беларусі налічваецца каля 500 тысяч чалавек, якія нідзе не працуюць, але не становяцца на ўліку па беспрацоўю.

Калі сабраць грошы з кожнага з іх, бюджэт атрымае дадатковыя $140 мільёнаў.

Аляксандар Сасноў: «Не магу камэнтаваць розныя маразмы»


«Не магу камэнтаваць розныя маразмы. Паралелі з савецкімі часамі ёсьць, бо беларускі рэжым мала чым адрозьніваецца ад савецкага. Толькі час ужо іншы, і таму яны шукаюць іншых захадаў. Людзі знойдуць выхад у такой сытуацыі. Дзяржава ад такіх захадаў нічога добрага не атрымае», — кажа Аляксандар Сасноў, былы міністар працы.

«Самае галоўнае, што чалавек можа працаваць на сябе, а не на дзяржаву. Гэта дзяржава яго лічыць гультаём. На самой справе ён не гультай. Ён працавіты чалавек. Толькі ён ня хоча працаваць на дзяржаву, бо дзяржава не адпавядае ягоным патрабаваньням».