1973 – год, калі ў рок-музыцы, акрамя ўзорных рок-альбомаў, зьявіліся і першыя выразныя прыкметы крызысу рок-жанру або, кажучы па-іншаму, «стомленасьці жанрам».
Некаторыя рок-музыканты, якія ў папярэдніх трох-чатырох гадах дасягнулі вяршыняў, перасталі разьвівацца і пачалі паўтараць ды штампаваць ужо дасягнутае імі або самазадавальняцца экскурсамі ў такія музычныя рэгіёны, якія нікога, акрамя іх, не зацікавілі. У гэтай частцы пра маю рок-настальгію саракагадовай даўнасьці я хачу згадаць і два-тры альбомы, якія аказаліся для мяне немалым расчараваньнем.
Вось першы з альбомаў, які не апраўдаў ні маіх спадзяваньняў, ні шмат каго зь іншых фанаў гурту «Yes». А спадзяваньні, разбуджаныя папярэднім альбомам, «Close to the Edge», былі вялікія. «Close to the Edge» з 1972 году і сёньня гучыць сьвежа і спантанна... А падвойны альбом «Tales from Topographic Ocean» – які складаецца з чатырох кампазыцый па прыблізна 20 хвілін кожная – нічым асаблівым ня ўражвае, акрамя сваёй даўжыні. Ну, музыканты «Yes» граюць клясна, як заўсёды, але музыка не чапляе. Сярод гэтай рок-сымфанічнай бяскрайнасьці трапляюцца і вельмі файныя кавалкі, але іх замала, каб запыніць увагу слухача на болей, чым некалькі хвілін. У гэтым самым годзе гурт выдаў яшчэ і патройны (!!!) канцэртны альбом, пад назвай «Yessongs», і ён куды лепшы за гэтую «акіянскую нудоту». Кажуць, што пасьля «Tales from Topographic Oceans» клявішнік-віртуоз Рык Уэйкмэн сур’ёзна вырашыў заняцца паралельнай сольнай кар’ерай, бо яму моцна не спадабаўся кірунак, у якім пайшоў «Yes» пад уплывам вакаліста Джона Андэрсана і бас-гітарыста Крыса Сквайра.
Пасьля незвычайна пасьпяховага, дасьціпнага і вясёлага, канцэптуальнага альбому «Thick as a Brick» (Дурны як чобат) з 1972 году, Іэн Андэрсан, вакаліст, флейтыст і лідэр «Jethro Tull», пастанавіў выдаць наступны канцэптуальны альбом, які складаецца з адной песьні, разьдзеленай на дзьве часткі вінілявага фармату носьбіта. Але з «A Passion Play» яму не ўдалося паўтарыць ранейшага посьпеху. Нават самыя заядлыя фаны гурту ня ў змозе ўцямна растлумачыць, пра што распавядае гэты альбом з 1973 году. Агульны кансэнсус нібыта такі – у адрозьненьне ад парадыйнага «Дурнога чобата», сюжэт якога датычыць штодзённага жыцьця ў ангельскім мястэчку, «Жарсная п’еса» спрабуе распавесьці пра замагільнае жыцьцё. Але ніхто ня ў змозе зразумець, што Андэрсан распавядае пра гэтае жыцьцё, і некаторыя нават сумняваюцца, ці быў ён у замагільлі насамрэч. А больш сур’ёзны закід да «Жарснай п’есы» палягае на тым, што ў альбоме адсутнічаюць файныя мэлёдыі і цікавая аранжыроўка, якія склаліся на посьпех «Дурнога чобата». Андэрсан, безумоўна, зразумеў, у чым рэч, бо пасьля гэтага праколу гурт выдаў доўгі шэраг альбомаў з кароткімі мэлядычнымі песьнямі, якія прыемна паслухаць як з шатляндзкай віскі, так і са шклянкай малака ў руцэ.
Не люблю Элтана Джона, але гэты падвойны альбом – можна паслухаць. Як мінімум, дзьве песьні зь яго не састарэлі да сёньняшняга дня: «Candle in the Wind» і «Goodbye Yellow Brick Road». У кожным разе, калі верыць брытанскім музычным крытыкам, гэта найлепшы альбом гэтага выканаўцы. Так што калі слухаць наогул, дык гэта.
Гэта клясыка прагрэсыўнага року, адзін зь першых і найлепшых альбомаў у жанры «джаз-рок-фюжн». Гэты альбом, як ніякі іншы, ашаламляльна даказвае, што музыка зьяўляецца ўнівэрсальнай мовай і ня ведае ніякіх межаў, ні палітычных, ні жанравых. Гурт «Mahavishnu Orchestra» запісаў «Birds of Fire» ў сваім клясычным складзе: Джон Маклафлін зь Вялікабрытаніі (гітара), Білі Кобэм з Панамы (бубны), Ян Гамэр з Чэхіі (клявішныя), Джэры Гудман з ЗША (скрыпка) і Рык Лэйрд з Ірляндыі (бас-гітара). Гэта адзін з тых запісаў, якія, як той казаў, выпадае паслухаць, перш чым памерці.
Чамусьці гэты альбом, адзінаццаты ў сваёй кар’еры, Мік Джагер з калегамі запісалі на Ямайцы. Кажуць, нібыта гэта адбылося праз наркотыкі, за якія ў шмат якіх іншых музыкальных краінах рокераў з «The Rolling Stones» хацелі пасадзіць у турму. У свой час альбом прадаваўся вельмі добра, але з пэрспэктывы часу ён выглядае, як пачатак канца гурту як музычнай зьявы. У 1973 ад гурту ўсё яшчэ заставаліся легенда і імідж, у той час як музычны ўзровень і сьвежасьць 1960-х ужо прыкметна выпарыліся. Але гэты альбом ад поўнага забыцьця ратуе адна песенька – «Angie». Несумненны шэдэўр у жанры рок-баляды.
Вось што ў 1973 годзе выдаў Рык Уэйкмэн, каб паправіць сабе настрой пасьля запісу «Tales from Topographic Oceans» разам з «Yes». Атрымаўся адзін зь лепшых запісаў у ягонай доўгай і пасьпяховай сольнай кар’еры. Забаўна, але пры запісе гэтага сольнага альбому ўдзельнічалі ўсе музыкі «Yes», акрамя Джона Андэрсана, якому не знайшлося месца, бо гэта быў цалкам інструмэнтальны альбом. Уэйкмен, музыка з адукацыяй клясычнага піяніста, які граў тут на розных касьцельных і сьвецкіх арганах ды іншых электронных і акустычных клявішах, раз і назаўсёды ўстанавіў сабе рэпутацыю віртуоза рок-музыкі. Раз на год можна паслухаць гэтага альбому і пасьля 40 гадоў ад яго запісу.
Апошні альбом, запісаны клясычным складам «Deep Purple» перад роспускам гурту ў 1976 годзе. Слабаваты, калі параўноўваць яго з «Deep Purple in Rock» і «Machine Head», але нічога сабе, калі забыцца пра тыя запісы і слухаць гэты без прадузятасьці. Няма ў альбоме нейкага выразнага гіта, але ўсе песьні утрымліваюць высокі выканаўчы ўзровень, які дай Божа ўсім іншым гуртам, што іграюць рок-музыку сёньня.
Па-мойму, гэта адзін з трох найлепшых канцэртных альбомаў рок-музыкі клясычнага пэрыяду. Два іншыя – гэта «Made in Japan», выдадзены «Deep Purple» у 1972, і «Caught in the Act», выдадзены амэрыканскім гуртом «Grand Funk Railroad» у 1975. «Uriah Heep» выдаў гэты канцэртны запіс таму, што ўсе рок-гурты ў той час нешта такое выдавалі. Як потым аказалася, канцэртныя вэрсіі гітоў гурту на гэтым падвойным альбоме, такія як «July Morning», «Easy Livin’» і «Tears in My Eyes», чапляюць чалавека ў дзесяць разоў мацней, чым іх студыйныя адпаведнікі. Бывае і такое.
Здаецца, што «Camel» – найбольш пакрыўджаны няўвагай рок-гурт усяго клясычнага пэрыяду. «Camel» у тым пэрыядзе ўвесь час заставаўся недзе ў другім шэрагу, у ценю такіх гуртоў, як «Yes» і «Genesis». Зусім няслушна, як аказалася праз дваццаць і праз трыццаць гадоў пасьля выданьня гэтага дэбютнага альбому ў 1973. Апошні арыгінальны студыйны альбом «Camel» запісаў у 2002 годзе. Сёньня даводзіцца сказаць, што гэты гурт заслугоўвае на ўсё 100 адсоткаў, каб яго імя значылася залатымі літарамі ў любой кнізе – тоўстай і ня вельмі – па гісторыі рок-музыкі.
Калі не шанцуе, дык не шанцуе. Вось гэты валійскі гурт, як па мне, арыгінальнасьцю кампазыцый і ўзроўнем выкананьня ня горшы за такіх мастадонтаў, як «Led Zeppelin» і «Deep Purple». Але ў той час, калі вакаліст і бас-гітарыст Барк Шэлі, гітарыст Тоні Бордж і бубнач Рэй Філіпс запісвалі альбом «Never Turn Your Back on a Friend», свой трэці, мала хто пра іх чуў. І яны ніколі не зарабілі нават дзясятай часткі грошай, якія зарабілі Плант з Пэйджам ці Гілен з Блэкмарам. Таму і працуюць далей. Ад першапачатковага складу трыё сёньня застаецца толькі лідэр, Барк Шэлі. «Never Turn Your Back on a Friend» – гэта ня толькі прыгожая назва для рок-альбому, але і прыгожая музыка, так бы мовіць, клясычны рок у сваёй найчысьцейшай форме. Альбом утрымлівае адну з найпрыгажэйшых рок-песьняў ўсіх часоў – «Parents» (Бацькі). Паслухайце. Дзядзька, які грае на гітары, нагадаю, называецца Тоні Бордж.