Магілёў: горад у заторы

Заторы на мосьце, які вымагае рамонту

Магілёў больш за месяц жыве з заторамі. Адзін з трох мясцовых мастоў праз Дняпро на рамонце.
6 лістапада гарадзкія ўлады абяцалі, што па адной палове Шмідтаўскага моста рух транспарту адновіцца.

Напярэдадні старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў заявіў: «Я рады, што дакладна у тэрмін, да сьвята, мы адкрываем рух».

Заява чыноўніка, аднак, ня спраўдзілася. Рух не аднавіўся дагэтуль. Як высьветлілася транспарт не пусьцілі, бо выявіліся дэфэкты ў канструкцыі моста. Цяпер абяцаюць, што мост адчыняць 11 лістапада.

Пакуль яго рамантуюць на другім мосьце, які злучае цэнтар гораду з Задняпроўем, заторы. Аўтамабільны ланцуг расьцягваецца на некалькі сот мэтраў. У пікавыя гадзіны ён яшчэ большы. Аўтамабілісты з боязьзю чакаюць набліжэньня зімы і сьнегападаў. Кажуць, што тады горад сутыкнецца з транспартным каляпсам.

Зачыняць на капітальны рамонт трэба і той мост, на якім цяпер заторы. Стан яго крытычны.

Транспартны затор. заторы на пад’ездзе да маста



Шмідтаўскі мост на рамонце