«Радыё Свабода» ў фінале КВЗ

каманда "Радыё Свабода"

«Радыё Свабода» — гэта ня толькі радыё, гэта яшчэ і каманда КВЗ зь Яраслаўля. Ініцыятыва «Кінаконг» за год пераклала паўсотню трэйлераў, фільмаў і мультфільмаў на беларускую мову. «Арт Сядзіба» рассакрэціла базу «Мабільнай бібліятэкі» МТС, а кампанія нават не пакрыўдзілася.
У новай рубрыцы Радыё Свабода «Сеткі падказалі» мы знаёмім вас зь цікавымі навінамі і тэмамі, якія зьяўляюцца, абмяркоўваюцца і намі выхопліваюцца з сацыяльных сетак.

Вясёлая і знаходлівая «Свабода»


Сёньня міжнародны дзень КВЗ. 8 лістапада 1961 году на савецкіх чорна-белых тэлевізарах выйшла ў эфір першая гульня Клюбу вясёлых і знаходлівых. Роўна празь месяц, 8 сьнежня 2013 году, у Менску каманда зь Яраслаўлю «Радыё Свабода» выйдзе на сцэну канцэртнай залі «Менск» у фінале Першай лігі Міжнароднага саюзу КВЗ.

Чаму хлопцы з далёкага Яраслаўлю надзелі аранжавыя гарнітуры і назваліся «Радыё Свабода», мы ня ведаем. Даведаемся, калі прыедуць на фінальную гульню ў Менск. Таму пакуль раім паглядзець адзін з выступаў каманды на канале СТВ, дзе яны сьпяваюць па-беларуску ды жартуюць на сацыяльныя і каляпалітычныя тэмы.



Японскае анімэ па-беларуску


Больш за год ужо існуе праект «Кінаконг». Ён займаецца перакладам на беларускую мову трэйлераў да новых папулярных фільмаў, якіх за гэты час набралася каля паўсотні. Перакладаюцца нават поўнамэтражныя фільмы і мультыплікацыйныя стужкі. Ініцыятыва таксама выпускае па-беларуску свае агляды і кароткамэтражкі.

9 лістапада «Кінаконг» на менскай арт-пляцоўцы «ЦЭХ» пакажа ў перакладзе на беларускую мову японскую сямейную анімэ-камэдыю «Мае суседзі Ямада». У інтэрнэце быў прэзэнтаваны ўрывак з гэтай стужкі.




«Арт Сядзіба» раскапала «Мабільную бібліятэку» МТС


Аказваецца, што ўсе кнігі з «Мабільнай бібліятэкі» МТС, тумбы зь якой стаяць да 17 лістапада на плошчы Якуба Коласа, можна лёгка спампаваць, не выходзячы з хаты.

635 кніг разьмешчаныя ў адмысловай базе на сайце МТС. але каталёгу з назвамі кніг няма, таму шукаць кнігі трэба самастойна, мяняючы ў спасылцы лічбы ад 1 да 635.

Каб гэта было рабіць прасьцей, на сайце «Арт Сядзібы» апублікаваныя падказкі, якія дапамогуць хутчэй разабрацца, дзе ў бібліятэцы расейская і ўсясьветная літаратура, беларуская клясыка і народныя казкі, сучасныя айчынныя аўтары. Некаторых кніг ня ўбачыш на тумбах, але ў базе «Мабільнай бібліятэкі» яны ёсьць.

Кампанія «МТС» не пакрыўдзіліся на артсядзібаўцаў за такое раскрыцьцё сакрэтаў. На адпаведны зварот супрацоўнік кампаніі ў твітэры адказаў: «Галоўнае, каб чыталi».