Швэды замяраюць сэксізм у фільмах

Кадр з амэрыканскага фільму "Касаблянка"

Чатыры кінатэатры ў Швэцыі ўключылі ў сыстэму рэйтынгу фільмаў замер гэтак званага «сэксізму» (gender bias).

Нагадаем, што каб амэрыканская стужка атрымала рэйтынг G – які ў ЗША і шмат якіх іншых краінах дае карціне права доступу да ўсіх узроставых катэгорый гледачоў – трэба, каб у ёй не было сцэнаў з аголеным целам, сэксам, гвалтам і брыдкаслоўем.

У згаданых чатырох швэдзкіх кінатэатрах для атрыманьня рэйтынгу G, у якасьці экспэрымэнту, патрабуецца яшчэ, каб фільм прайшоў гэтак званы тэст Бэкдэл (Bechdel test).

Адолець тэст Бэкдэл вельмі проста – усяго трэба, каб у карціне была сцэна, у якой выступаюць дзьве жанчыны, якія маюць імёны, гавораць адна з адной і тэмай размовы не зьяўляецца мужчына.

Дык вось жа аказваецца, што пераважная большасьць галівудзкіх фільмаў гэтага тэсту не праходзіць. У прыватнасьці, не праходзіць тэсту Бэкдэл уся трылёгія «Пан пярсьцёнкаў», усе «Зорныя войны» і ўсе, акрамя аднаго, фільмы пра Гары Потэра.

Тэст Бэкдэл быў названы паводле амэрыканскай стваральніцы мультфільмаў Элісан Бэкдэл, якая запрапанавала гэтыя тры крытэры ў 1985 годзе, каб правяраць, так сказаць, «гендэрную збалянсаванасьць» і выкрываць гендэрныя стэрэатыпы ў фільмах.

Досьлед, які нядаўна быў праведзены навукоўцамі Унівэрсытэту Пэнсыльваніі, устанавіў, што суадносіны паміж колькасьцю мужчынскіх і жаночых пэрсанажаў у амэрыканскіх фільмах апошняга паўстагодзьдзя застаюцца на ўзроўні 2:1. Навукоўцы разгледзелі больш за 850 самых папулярных фільмаў, пастаўленых у ЗША ў 1950-2006 гг., і падлічылі, што жаночыя пэрсанажы ў два разы часьцей зьяўляюцца ў адкрыта сэксуальных сцэнах, чым мужчыны, у той час як пэрсанажаў мужчынскага полу часьцей можна ўбачыць у сцэнах гвалту. Карацей – у наяўнасьці гендэрныя стэрэатыпы і дысбалянс.

«Відаць, Галівуд лічыць, што фільмы з пэрсанажамі мужчынскага полу больш пасьпяховыя ў пракаце. Выявілася таксама, што пры большасьці аспэктаў стварэньня фільмаў – на этапах пісаньня сцэнару, вытворчасьці, пастаноўкі і так далей – дамінуюць мужчыны. Таму і ня дзіўна, што гісторыі, якія мы бачым, як правіла круцяцца вакол мужчын» – пракамэнтавала вынікі досьледу адна зь яго ўдзельніц.