Чужая рэвалюцыя

Аляксандар Лукашэнка павіншаваў беларусаў з днём «Кастрычніцкай рэвалюцыі», выказаўшы ўпэўненасьць, што гэтае сьвята заўсёды будзе адзначацца ў Беларусі як «сымбаль павагі да слаўных традыцыяў і зьдзяйсьненьняў многіх пакаленьняў». Чаму вышэйшае кіраўніцтва так зацята трымаецца за дату, якая на доўгія дзесяцігодзьдзі кінула мільёны людзей у савецкае нявольніцтва? Дзе яшчэ ў сьвеце ўшаноўваюць бальшавіцкі пераварот?

У СССР да 1991 году 7 лістапада адзначалася як галоўнае дзяржаўнае сьвята — з ваенным парадам і дэманстрацыяй працоўных. Прапаганда раз за разам нагадвала: у ноч з 7 на 8 лістапада 1917 году (па новым каляндарным стылі) у Петраградзе ўзброеныя рабочыя, салдаты і матросы захапілі пошту, тэлеграф, Зімовы палац, скінуўшы пры гэтым буржуазны Часовы ўрад. Улада Саветаў на чале з Ульянавым-Леніным была падмацаваная стрэлам з крэйсэра «Аўрора», які дзеля напаміну нашчадкам навечна прышвартаваны на неўскім прычале.

Зрэшты, эпахальную падзею, якая на сем дзясяткаў гадоў зьмяніла ўсясьветны палітычны парадак, даўно не адзначаюць ня толькі ў былым сацыялістычным лягеры, але нават у Расеі. У 1996 годзе гэтае сьвята там перайменавалі ў Дзень згоды і прымірэньня, а ў 2005-м адмянілі ўвогуле. Такім чынам, поўнамаштабна сьвяткуюць «Вялікі Кастрычнік» толькі ў Беларусі, Кіргізстане і непрызаных Прыднястроўскай Малдаўскай рэспубліцы, Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Праўда, у шэрагу постсавецкіх краінаў сілы левага толку ў гэты дзень па-ранейшаму ладзяць мітынгі і ўскладаюць кветкі да помнікаў правадыру рэвалюцыі.

Савецкія сьвяты ў постсавецкіх краінах


Дасьледчык падзеяў беларускай гісторыі Анатоль Тарас перакананы: за прыкладам Расеі ды іншых дзяржаў павінна пайсьці і Беларусь, якой няма за што дзякаваць бальшавікам:

Анатоль Тарас: Нават калі б Беларусь засталася ў складзе царскай імпэрыі, і тое было б лепш

«Я асабіста супраць таго, каб у нашай краіне ўвогуле адзначалі дзень рэвалюцыі. Лічу, што ўсе 70 гадоў савецкай улады — гэта былі сем дзесяцігодзьдзяў царства д’ябла калі не на ўсёй зямлі, то на адной шостай частцы сушы. І нічога добрага, апроч дрэннага, у гэтым ня бачу. Нават калі б Беларусь засталася ў складзе царскай імпэрыі, і тое было б лепш. Прынамсі, людзі б у Бога верылі, і рана ці позна Беларусь атрымала б аўтаномію. Як мы ведаем, бальшавікі былі супраць таго, каб даваць Беларусі хоць якую незалежнасьць. Яны далі незалежнасьць Беларусі толькі ў выніку спалучэньня двух фактараў. З аднаго боку, існавалі ўрады БНР і УНР, і трэба было на гэта неяк рэагаваць у палітычным сэнсе. І выбралі — а ў нас будзе свой варыянт. А іншы момант, самы галоўны — убачылі, што ім патрэбен буфэр паміж імі і Польшчай. Мяркую, што менавіта другая прычына адыграла галоўную ролю. Узьнікае пытаньне: пры чым тут рэвалюцыя?»

На бальшыні тэрыторыяў, якія вызваліліся ад савецкай залежнасьці, 7 лістапада — звычайны працоўны дзень. Перадусім гэта тычыцца краінаў Балтыі, якія адмовіліся ад усяго прамаскоўскага. У Армэніі, Азэрбайджане, Казахстане, Малдове, Туркмэністане, Узбэкістане гэтае сьвята таксама скасавалі. У Таджыкістане 7 лістапада фармальна лічыцца Днём згоды і прымірэньня, але без каляндарнай «чырвані». У Грузіі кастрычніцкія падзеі перасталі адзначаць яшчэ за савецкім часам — пасьля крывавага разгону вайскоўцамі мітынгу ў Тбілісі ў красавіку 1989-га. Пэўны час гэты дзень быў выходным ва Ўкраіне, аднак тамтэйшыя ўлады знайшлі больш вартыя замены памінаньню бальшавіцкага путчу.

А вось у Беларусі рэвалюцыйныя імпрэзы цягам усяго часу захоўваюць дзяржаўны размах. Ладзяцца ўрачыстыя паседжаньні, арганізуюцца сустрэчы вэтэранаў зь піянэрамі і абноўленымі камсамольцамі, з адмысловай прамовай да народу зьвяртаецца прэзыдэнт. Так, у сваім віншаваньні Лукашэнка сьцьвярджае што «Кастрычніцкая рэвалюцыя зьдзейсьнілася пад знакам гуманістычных каштоўнасьцяў і дэмакратычных свабодаў».

Анатоль Сідарэвіч: Мы маем справу з рэцыдывамі сталінісцкай прапаганды

Гісторык Анатоль Сідарэвіч зьвяртае ўвагу, што пад рыторыку «знамянальных падзеяў» 1917 году заточаная ўся афіцыйная прапаганда. Той жа Лукашэнка сёньня пералічыў дасягненьні Вялікага Кастрычніка, якія нібыта сталі фундамэнтальным падмуркам спачатку для БССР, а пасьля Беларусі цяперашняга ўзору: моцная народная ўлада, якая абапіраецца на сыстэму саветаў дэпутатаў, сацыяльна арыентаваная эканоміка, высокаразьвітыя адукацыя, навука і культура:

«Увогуле мы маем справу з самымі звычайнымі рэцыдывамі бальшавіцкай, сталінісцкай прапаганды — скажам так, у новым выданьні. Назавём гэта нэабальшавіцкай, нэасталінісцкай прапагандай у наш час. Калі людзі гавораць не юрыдычнымі аргумэнтамі, не юрыдычна выверанымі доказамі, а кідаюцца налева і направа ўсімі гэтымі палітыка-прапагандысцкімі лёзунгамі, штампамі і г.д. Вось гэтую дэмагогію ўвесь час трэба спыняць і казаць — прад’явіце доказы!»

І хоць некаторыя экспэрты заўважаюць, што апошнім часам Лукашэнку шанаваньне Леніна не прыносіць вялікай прыемнасьці, але трэба, як кажуць, быць у вобразе: Беларусь — краіна настальгуючых пэнсіянэраў, якія складаюць асноўны электарат першага і пакуль апошняга прэзыдэнта.

Тым ня меней у Беларусі захавалася савецкая традыцыя прымяркоўваць да 7 лістапада ўвод у эксплюатацыю значных аб’ектаў інфраструктуры. Звычайна да гэтай даты адкрывалі новыя станцыі мэтро ці лядовыя палацы. Сёлета мяркуецца адрапартаваць пра завяршэньне будоўлі першай лініі хакейнай «Чыжоўка-Арэны» і футбольнага стадыёну БАТЭ ў Барысаве.