Пад бел-чырвона-белымі сьцягамі — да Ўладзімера Плешчанкі

Сябры колішняга старшыні віцебскай суполкі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ адведалі ягоную магілу ў вёсцы Друкава. А таксама ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, расстраляных пад вёскай Паляі Віцебскага раёну.

Да Ўладзімера Плешчанкі ягоныя былыя сябры і аднадумцы прыходзяць штогод. Штогод некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў лунае над могілкамі паміж вёскай Друкава і Вароны, дзе жыў спадар Плешчанка. І дзе ў траўні 2006 году раптоўна спынілася ягонае хворае сэрца.

На пахаваньне тады зьехаліся аднапартыйцы з усяе Беларусі. А грошы на надмагільны помнік і добраўпарадкаваньне магілы зьбіраў цягам наступнага году бліжэйшы сябар Плешчанкі, апазыцыянэр Барыс Хамайда. Ахвяраваньні прыносілі проста да «сіняга дому» — будынка ў цэнтры Віцебска, каля якога Плешчанка з Хамайдам ладзілі пікеты. І дзе цяпер Барыс Хамайда застаўся адзін, стаўшы распаўсюднікам незалежнай прэсы.



Штогод на Дзяды ён прыходзіць на магілу сябра і расказвае пра ўсё, што адбываецца ў горадзе і краіне. Разам зь ім — яшчэ некалькі чалавек, якія памятаюць Ўладзімера Плешчанку.

Вяртаючыся з могілак у Віцебск, Барыс Хамайда зь сябрамі абавязкова адведвае яшчэ адно месца. Каля самай шашы Віцебск-Лёзна, кілямэтраў за 7 ад гораду, на ўзьлеску стаіць самаробны мэмарыял у памяць пра расстраляных пад вёскай Паляі людзей, ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

З дарогі добра відаць некалькі крыжоў, пастаўленых у розныя часы паводле ініцыятывы прадстаўнікоў розных партый і рухаў. Самы вялікі крыж з надпісам «Ахвярам таталітарнага рэжыму» ўзвышаецца над іншымі. На гэтыя крыжы Аляксандар Салаўян навязаў сёньня бел-чырвона-белыя стужкі. Потым былі ўзьнятыя нацыянальныя сьцягі, і над месцам сталінскіх расстрэлаў прагучала малітва «Ойча наш».

Віцебскія актывісты вераць, што некалі тут будзе сапраўдны мэмарыял, і памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій будзе шанавацца на дзяржаўным узроўні. Але пакуль менавіта прадстаўнікі дэмакратычнага руху прыяжджаюць сюды некалькі разоў на год, каб добраўпарадкаваць тэрыторыю, пафарбаваць крыжы, ускласьці кветкі, запаліць сьвечкі.