Гомельскія актывісты прыбралі месцы масавых расстрэлаў паабапал Чарнігаўскай шашы

Крыж фарбуе Андрэй Толчын

3 лістапада ў Гомелі актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, БНФ, кааліцыі «Наша альтэрнатыва», Таварыства беларускай мовы, кампаніі «Хопіць піць — трэба жыць» прыбралі месцы масавых расстрэлаў паабапал Чарнігаўскай шашы і ўсклалі да пакутных крыжоў вянкі й кветкі.

Першы прыпынак — 9 кілямэтар Чарнігаўскай шашы. Пад бел-чырвона-белам сьцягам актывісты прыйшлі да помніка ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў, які быў усталяваны тут у 90-х гадах мінулага стагодзьдзя. На ім таблічка: «Адно зь месцаў масавых расстрэлаў ахвяр бальшавіцкай дыктатуры ў пэрыяд 1919-1940 г».

Васіль Палякоў: «На гэтым месцы ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя адбываліся расстрэлы мірных жыхароў. Калі ў 90 гадах пачалі адкрываць праўду пра злачынствы сталінскага рэжыму, тады і ўсталявалі гэты крыж. Каб не адбылося паўтарэньня, каб мы ўсе маглі спадзявацца на лепшую долю і ўсталяваньне дэмакратыі, каб паважаліся правы чалавека, неабходна ўшаноўваць памяць загіблых ад рэпрэсіяў. Таму мы сёньня тут».

Вянок да крыжа

Да жалобнага крыжа актывісты ўсклалі вянок. Напярэдадні тут прайшоў жалобны малебэн каталікоў.

Ля крыжа актывісты разьдзяліліся на дзьве групы. Адны — паехалі прыбіраць жалобныя месцы ў лес на правы бок Чарнігаўскай шашы, дзе ў гады сталінскага тэрору энкавэдысты расcтрэльвалі мірных жыхароў, у тым ліку й сьвятароў.

Таблічка на крыжы

Іншыя выправіліся ў лес на левы бок, дзе пяць гадоў таму салдаты 52-га пошукавага батальёну Міністэрства абароны адкапалі з долу парэшткі сямі дзясяткаў расстраляных мірных жыхароў. Вяскоўцы з навакольных паселішчаў апавядаюць, што менавіта тут было яшчэ адно расстрэльнае месца.

За актывістамі неадступна ехалі аўтахвасты «ціхушнікаў» — яны здымалі ўскладаньне вянкоў да пакутных крыжоў на відэа, хадзілі вакол зь відэакамэрамі па лесе. На прапанову актывістаў ніводзін зь «ціхушнікаў» нават не паспрабаваў узяць граблі і падгрэбсьці вакол крыжоў апалае лісьце.

Вакол крыжа наводзіцца парадак

Беларускія ўлады наагул нідзе не ўшанавалі належным чынам памяць пра нявінных ахвяраў сталінскіх палітычных рэпрэсіяў. Пакутныя крыжы й памятныя камяні на месцах масавых расстрэлаў пастаўлены паўсюдна высілкамі грамадзкіх актывістаў

Уладзімер Кацора, гомельскі грамадзкі актывіст:

«Улады ня толькі не ўшаноўваюць памяць ахвяраў — яны й прызнаваць ня хочуць, што рэпрэсіі былі. Сталінская эпоха ў нас, наадварот, ухваляецца — зьявілася „Лінія Сталіна“, іншыя атрыбуты савецкіх таталітарных часоў. Ушаноўваць будуць тады, калі прызнаюць. Нават вось зараз спэцслужбоўцы сочаць за невялікай купкай людзей, якія прышлі прыбраць месцы фіналу рэпрэсіяў — расстрэльныя месцы. Перасьлед іншадумцаў і проста грамадзян, якія маюць свае погляды на разьвіцьцё грамадзтва, і цяпер ня зьнік».



Да пакутнага крыжа