Ужо сёньня, 31 кастрычніка: прэзэнтацыя кнігі Барыса Пятровіча, вечарына Максіма Багдановіча, дзень памяці Кіпрыяна Кандратовіча і Антона Баліцкага

Гэлаўін у ЗША

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. Зь візытам у адказ у сталіцу Беларусі прыбывае прэзыдэнт Эквадору Рафаэль Карэа.

Віцебск. На арт-базе VITEBSK4ME (вул. Кастрычніцкая, 13) адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі Барыса Пятровіча «Спачатку была цемра». Удзельнічаюць: Алесь Пашкевіч, Усевалад Сьцебурака, бард Алесь Камоцкі. Пачатак у 17.00. Уваход вольны.

Менск. У Літаратурным музэі Максіма Багдановіча пройдзе вечарына, прысьвечаная стагодзьдзю адзінага прыжыцьцёвага зборніка паэзіі Максіма Багдановіча «Вянок». Для гасьцей выступяць Аксана Спрынчан, Навум Гальпяровіч, Галіна Дубянецкая, Алесь Гібок-Гібкоўскі, Леанід Казыра, Натальля Ісаева і многія іншыя паэты, музыкі і дасьледчыкі творчасьці Максіма Багдановіча. Пачатак у 17.00.

Менск. У клюбе «Графіці» (зав. Калініна, 16) выступіць гурт Bosaesonca з «хатняй» прэзэнтацыяй акустычнага live-альбому «Адпусьці» . Пачатак а 19.00.

Менск. У Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў XI Рэспубліканскага турысцкага конкурсу «Пазнай Беларусь!». Пачатак а 16.00.

Менск. Міжнародны круглы стол «Мэмарыяльны музэй і грамадзтва. Захаваньне культурнай спадчыны. Музэй ва ўмовах разьвіцьця новых інфармацыйных тэхналёгій». Каардынатар: Музэй Якуба Коласа (284-15-84 , 284-05-55).

ЁСЬЦЬ НАГОДА

31 кастрычніка ў англамоўных краінах традыцыйна сьвяткуецца Гэлаўін.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1905 – у Менску адбылася трагедыя, якая ўвайшла ў падручнікі пад назваю «Курлоўскі расстрэл». У гэты дзень каля вакзала – цяпер цэнтральнага чыгуначнага, а тады ён называўся Віленскім – сабраўся 20-тысячны мітынг менчукоў, якія выступалі супраць манархіі, за дэмакратычную рэспубліку. На загад губэрнатара Курлова супраць дэманстрантаў былі кінутыя паліцыя і войска. Пачалася страляніна, у выніку якой 100 чалавек былі забітыя і каля 300 параненыя.

1937 – карнікамі НКВД быў расстраляны Антон Баліцкі – дзяржаўны дзяяч, адзін з актыўных праваднікоў палітыкі беларусізацыі ў БССР.

1961 – цела Сталіна было вынесенае з маўзалею на Краснай плошчы Масквы.

1968 – Аркадзю Куляшову і Максіму Танку прысвоілі званьні народных паэтаў Беларусі.

У гэты дзень нарадзіліся:

1930 – Леў Гумілеўскі, скульптар, народны мастак Беларусі.

1934 – Тадэвуш Кокштыс, народны артыст Беларусі, актор тэатру імя Якуба Коласа.

1937 – Яўген Кулік, мастак, адзін з аўтараў мадэрнізаванага варыянту герба «Пагоня», які быў зацьверджаны Вярхоўным Саветам у якасьці дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь.

У гэты дзень памерлі:

1932 – Кіпрыян Кандратовіч, расейскі і беларускі вайсковы дзяяч, генэрал, сябра Народнага Сакратарыяту БНР.

1992 – Міхась Ткачоў, гісторык, палітык, ініцыятар аднаўленьня сацыял-дэмакратыі ў Беларусі і першы старшыня Цэнтральнай Рады БСДГ (1991-1992).

1993 – Фэдэрыка Фэліні, выбітны італьянскі рэжысэр.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

За шэрым схіленым парканам
скрыпіць пясок сырых дарог,
спадае медны ліст каштанаў
на жоўты стоптаны мурог.

Ідзеш, яго рукамі ловіш, –
злавіўшы пусьціш, хай ляціць, –
зноў не шумець яму ў дуброве,
вясеньніх шолахаў ня піць.

І сумаваць яшчэ так рана,
калі ўдаль маніць сьцежак гладзь,
калі на шум лістоў ў тумане
умееш песьняй адказаць,

калі так хочацца сьмяяцца,
што яшчэ чуеш, бачыш ты,
як ціха сыплюцца праз пальцы
каштанаў звонкія лісты.


Максім Танк, верш “Лісьце каштанаў”