Прэзыдэнт Эквадора наведае Беларусь

Рафаэль Карэра і Аляксандар Лукашэнка падчас візыту кіраўніка Беларусі ў Эквадор, 2012

Прэзыдэнт Эквадора Рафаэль Карэа прыбывае ў Менск з афіцыйным візытам.
31 кастрычніка ён правядзе перамовы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і наведае шэраг аб’ектаў у Менску.

Лукашэнка наведваў Эквадор у чэрвені 2012 году.

У прэзыдэнцкай прэс-службе адзначылі, што структура эканомікі Эквадора ў значнай ступені падобная да вэнэсуэльскай, што дазваляе прасоўваць на эквадорскі рынак прадукцыю беларускага машынабудаваньня і ўгнаеньні. Таксама важнай галіной супрацоўніцтва могуць стаць паслугі па выведцы і здабычы нафты і іншых карысных выкапняў.

У 2012 годзе Эквадор адмовіўся выдаць беларускім уладам беларускага міліцыянта Аляксандра Баранкова, і пасьля гэтага Баранкоў у гэтай краіне быў вызвалены з-пад варты. Баранкоў заявіў, што ўлады Эквадора ўратавалі яму жыцьцё, калі прынялі рашэньне не выдаваць Менску.

Баранкоў прыляцеў у Эквадор у 2009 годзе, пасьля таго як у Беларусі супраць яго завялі крымінальную справу. З таго часу беларускія ўлады спрабуюць дамагчыся яго экстрадыцыі. Баранкоў адмаўляе ўсе абвінавачаньні і сьцьвярджае, што яго перасьледуюць у сувязі з тым, што ў сваім блогу ён напісаў пра злоўжываньні і карупцыю ў беларускіх праваахоўных органах.

У 2010 годзе эквадорскія ўлады далі беларускаму міліцыянту палітычны прытулак, а ў 2011 годзе адказалі адмовай на запыт Менску аб экстрадыцыі Баранкова.

Аднак перад візытам Аляксандра Лукашэнкі ў Кіта ў 2012 годзе Баранкова ўзялі пад варту.