Вольга Комар пра санкцыі: Мне гэта ніяк і не перашкаджала

Колішняя судзьдзя Вольга Комар

Сярод 13 выключаных са сьпісу неўязных у краіны Эўразьвязу — былая судзьдзя Вольга Комар, якая цяпер працуе адвакатам.
Вольга Комар сказала Свабодзе пра сваё выключэньне з «чорнага сьпісу»:

«Так, я задаволеная, але камэнтаваць гэта ня буду».

Карэспандэнт: «Пасьля звальненьня з пасады судзьдзі вы празь нейкі час пачалі працаваць адвакатам. Знаходжаньне ў „чорным сьпісе“ вам неяк замінала?»

«Не, гэта ніяк не адбівалася на маёй працы», — сказала Вольга Комар, але адмовілася адказваць на іншыя пытаньні.

Афіцыйны журнал Эўрапейскага зьвязу апублікаваў абноўлены сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якія знаходзяцца пад візавымі і маёмаснымі санкцыямі. З гэтага сьпісу зьнікла прозьвішча Вольгі Комар.

У 2011 годзе як судзьдзя Фрунзенскага райсуду Вольга Комар асудзіла на 4 гады зьняволеньня ўдзельніка мітынгу 19 сьнежня 2010 году Васіля Парфянкова. Вольга Комар вядомая таксама тым, што скончыла Беларускі нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа.