ПАДЗЕІ ДНЯ
У галерэі «Ў» адбудзецца прэзэнтацыя кнігі аднаго зь лідэраў паўстаньня ў Варшаўскім геце Марка Эдэльмана і журналісткі Паўлі Савіцкай. З удзелам рэдактаркі кнігі Інэсы Кур’ян, перакладчыкаў Веранікі Бандаровіч і Юрася Барысевіча, прадстаўнікоў польскага габрэйскага музэю, а таксама аўтара ідыш-беларускага слоўніка Алеся Астравуха. Музычнае аздабленьне — ансамбаль клезмэраўскай музыкі «Мінскер Капелье». Пачатак а 19.00.
У Кіеве адбудзецца акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі Ўкраіны і Беларусі. Арганізатарамі мерапрыемства зьяўляюцца Камітэт вызваленьня палітвязьняў і Рух Салідарнасці «Разам», актывісты якога прыедуць у Кіеў зь Беларусі.
Спачатку а 12.00 на Майдане Незалежнасьці адбудзецца пікет у падтрымку 22 украінскіх палітвязьняў і 11 беларускіх. Пасьля заканчэньня акцыі ўдзельнікі адправяць паштоўкі палітвязьням, а таксама аднясуць звароты ў прадстаўніцтва Эўрасаюзу ва Ўкраіне і ў амбасаду РБ у Кіеве. А 15.00 па адрасе вул. Мазепы, 6, у Фондзе імя Алега Ольжыча адбудзецца круглы стол на тэму «Чаму ў XXI стагодзьдзі ва Ўкраіне і Беларусі ёсць палітвязьні? Парушэньні правоў чалавека на постсавецкай прасторы».
30 кастрычніка — Дзень памяці палітычных рэпрэсій.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1579 — адкрыўся Віленскі ўнівэрсытэт.
1921 — адкрыўся Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
1988 — у Менску разагнаныя «Дзяды». У полі пад Курапатамі былі зачытаныя ўстаноўчыя дакумэнты «Мартыралёгу Беларусі» і Аргкамітэту БНФ.
У гэты дзень нарадзіліся:
1871 — Поль Валяры, францускі пісьменьнік.
1885 — Эзра Паўнд, амэрыканскі паэт.
1936 — Генадзь Цыхун, беларускі мовазнаўца.
У гэты дзень памерлі:
1936 — Фэрдынанд Рушчыц, беларуска-польскі мастак.
1937 — Тодар Кляшторны, беларускі паэт (нар. 1903).
1937 — Янка Нёманскі, беларускі пісьменьнік, грамадскі дзяяч (нар.1890).
1937 — Юлій Таўбін, беларускі паэт (нар. 1911).
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
Ўпрадае дым у залатую гладзь,
Па-над прасторамі бярозавая просінь,
Ружовы дзень спусьціўся падрамаць
За верхавінамі смалістых сосен.
Мядовы водар кружыць галаву...
У цішыні задумаліся далі.
Рамашкі белыя асьнежылі траву
І ў туманах салодка задрамалі.
О родны край, — саломеныя хаты...
Люблю прастораў казачную муць.
Іду адзін,
А тысячы крылатых
Мне пра любоў адвечную пяюць.
Тодар Кляшторны