Журналістаў затрымалі падчас працы

Аляксанадр Баразенка

У Менску побач са станцыяй мэтро «Першамайская» супрацоўнікі міліцыі затрымалі незалежных журналістаў Аляксандра Баразенку і Марыю Арцыбашаву. Тыя рабілі відэаапытаньне.
Журналістаў адвезьлі ў Ленінскі РУУС.

«У пастарунку не складалі пратакол аб адміністрацыйным парушэньні, але нас вязуць у пракуратуру. Відаць, там адразу вынесуць папярэджаньне», — сказаў па тэлефоне карэспандэнту Свабоды Аляксандар Баразенка.

16:50 Аляксандар Баразенка паведаміў, што яго і Марыю Арцыбашаву супрацоўнікі міліцыі зноў вязуць у пастарунак з пракуратуры.

«У пракуратуры мы чакалі. І раптам міліцыянты зайшлі да пракурора, выйшлі і павезьлі нас назад. Сказалі, што нас апытаюць і нібыта адпусьцяць».

17:25 У пастарунку супрацоўнікі міліцыі ўзялі ў Аляксандра Баразенкі і Марыі Арцыбашавай тлумачэньні. Потым журналістаў адпусьцілі. «Яны ўзялі тлумачэньні і сказалі прыйсьці ў пракуратуру Ленінскага раёну, калі нам прыйдзе позва. Яны нас вінавацяць у парушэньні закону аб СМІ, што мы, маўляў, працавалі без акрэдытацыі. Пракамэнтаваць гэта цяжка. Мы ўжо, у прынцыпе, прызвычаіліся да такіх варункаў, у якіх працуем».

Сёньня ж супрацоўнікі міліцыі затрымалі журналістаў, якія асьвятлялі ўскладаньне кветак грамадзкімі актывістамі на Кальварыйскіх могілках.

Журналістаў даставілі ў Фрунзенскі РУУС, дзе праверылі дакумэнты і асабістыя рэчы. Прыкладна праз паўтары гадзіны іх вызвалілі.