У Літве могуць даць Прэмію Свабоды Алесю Бяляцкаму

У Літве абмяркоўваецца магчымасьць прысудзіць зьняволенаму беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму Прэмію Свабоды.
З такой прапановай да камісіі па прэміі выступіў Фонд падтрымкі грамадзянскай абароны і Таварыства беларускай культуры ў Літве. Пра гэта паведамляюць літоўскія сродкі масавай інфармацыі.

«Бясстрашная і пасьлядоўная пазыцыя Алеся Бяляцкага ў справе абароны правоў чалавека ў Беларусі шмат разоў ацэньвалася ў сьвеце шляхам уручэньня яму розных узнагарод», — адзначаюць згаданыя арганізацыі.

Таксама акцэнтуецца, што беларуская праваабарончая арганізацыя «Вясна», якую Бяляцкі ўзначальвае з 1996 года, зьяўляецца адной з асноўных арганізацый па абароне правоў чалавека ў Беларусі, якая аказвае прававую і іншую дапамогу асобам, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій, а таксама іх сем’ям.

У прыкладзеным апісаньні дзейнасьці Бяляцкага гаворыцца, што з 1988 года ён больш за 20 разоў быў затрыманы з-за сваёй палітычнай і грамадзянскай дзейнасьці.

Прэміяй Свабоды ўзнагароджваюць з мэтай ацаніць унёсак асоб і арганізацый у абарону правоў чалавека, разьвіцьцё дэмакратыі, заахвочваньне міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў барацьбе за свабоду самавызначэньня і сувэрэнітэт народаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы.

Гэтую прэмію літоўскі парлямэнт заснаваў 15 верасьня 2011года, яна складае 5 тысяч эўра.

Першая Прэмія Свабоды была прысуджана актыўнаму змагару за свабоду і дэмакратыю, абаронцу правоў чалавека, расейскаму дысыдэнту Сяргею Кавалёву. Прэмія 2012 года дасталася былому дысыдэнту савецкага рэжыму, кіраўніку літоўскай Лігі свабоды Антанасу Тярляцкасу.

Прэмія ўручаецца штогод 13 студзеня — у літоўскі Дзень абаронцаў свабоды. Пастановай парлямэнта яна прысуджаецца да 23 сьнежня.

Справа Бяляцкага


Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.