Бізнэс-рэйтынг Беларусі зноў абваліўся

У рэйтынгу Doing Business Беларусь на 63 месцы. Абяцаньне ўладаў замацаваньня ў трыццатцы гэтага рэйтынгу выканаць не ўдаецца.
У рэйтынг Doing Business, які штогод рыхтуецца экспэртамі Усясьветнага банка і Міжнароднай фінансавай карпарацыі, сёлета Беларусь разьмясьцілася на 63-м месцы паводле ўмоваў вядзеньня бізнэсу сярод 189 краін.

З краін СНД Беларусь апярэдзілі Армэнія (37), Казахстан (50), Расея заняла 92 месца, Украіна — 112-е, але гэтыя дзьве краіны-суседкі Беларусі трапілі ў топ-10 дзяржаў, дзе ўмовы вядзеньня бізнэсу найбольш палепшыліся за апошні год.

Іншыя суседзі Беларусі значна апярэдзілі яе ў гэтым рэйтынгу — Латвія заняла 24 месца, Літва — 17, Польшча — 45 месца.

Першае месца ў агульным рэйтынгу Doing Business у Сынгапура, у дзясятку ўваходзяць таксама Ганконг, Новая Зэляндыя, ЗША, Данія, Малайзія, Рэспубліка Карэя, Грузія, Нарвэгія, Вялікабрытанія.

Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным 29 кастрычнікa дасьледаваньні.

Рэйтынг выводзіцца паводле ключавых аспэктаў нарматыўна-прававога рэгуляваньня прадпрымальніцкай дзейнасьці, ён улічвае рэформы, праведзеныя ў краінах за мінулы год.

За аснову ўзятыя 10 індыкатараў, зь якіх сфармаваныя краінавыя рэйтынгі Doing Business-2014.





Улады Беларусі надаюць вялікае значэньне гэтаму рэйтынгу. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу ураду на працягу бліжэйшых гадоў увайсьці ў лік трыццаці краін з найлепшымі ўмовамі для вядзеньня бізнэсу.