Мора: 13 чыноўнікаў выключаць з «чорнага сьпісу», 3 — унясуць

Міністар замежных спраў Уладзімер Макей праігнараваў канфэрэнцыю аб адносінах Эўразьвязу і Беларусі.
У Вільні пачала працу міжнародная канфэрэнцыя «Стратэгія будучай палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі».

На канфэрэнцыю былі запрошаныя, але не прыехалі міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей і ягоная намесьніца Алена Купчына. Форум вітаў міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.

У сваім выступе кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора адзначыла, што адносіны паміж Беларусьсю і Эўразьвязам знаходзяцца ў сытуацыі доўгатэрміновага застою. Эўразьвяз праводзіць палітыку «крытычнага ўзаемадзеяньня». Паводле яе словаў, Брусэль плянуе выключыць зь «чорных сьпісаў» на візавыя абмежаваньні 13 чалавек, а ўключыць туды 3 новых беларускіх чыноўніка.

Спадарыня Мора паінфармавала, што цягам апошніх двух гадоў Эўразьвяз павялічыў падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці ў некалькі разоў. Яна адзначыла, што з прызначэньнем Уладзімера Макея міністрам замежных спраў, дыпляматычныя кантакты і дыялёг эўрапейскіх дыпляматаў з афіцыйным Менскам значна пашырыліся.

На сёньня пад візавыя і эканамічныя абмежаваньні Эўразьвязу падпадаюць 243 беларускіх чыноўніка, у тым ліку Аляксандар Лукашэнка, і 32 кампаніі. Санкцыі ўведзеныя супраць алігархаў Юрыя Чыжа, Уладзіміра Пефціева і Анатоля Тарнаўскага і іх фірм. Абмежавальныя меры супраць уладаў Беларусі дзейнічаюць з-за сыстэматычнага парушэньня імі правоў чалавека і рэпрэсій супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.


Эўразьвяз не адступіць ад свайго патрабаваньня вызваліць палітвязьняў у Беларусі, заявіў пад час канфэрэнцыі міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.

«Гэта прынцыповае пытаньне. Але гэта не значыць, што мы не павінны мець зносіны. Мы павінны падтрымліваць дыялёг, размаўляць паважліва адзін з адным як партнэры, тады мы зможам ісьці наперад», — цытуе Лінкявічуса БелаПАН.