Без асабістай згоды Лукашэнкі на рэформы крэдыту МВФ ня будзе

Your browser doesn’t support HTML5

Пра гэта заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік місіі МВФ Дэвід Гофман. Ён адзначыў, што на цяперашніх перамовах новая праграма фінансаваньня Беларусі не абмяркоўваецца.
«Аднак яе магчымасьць у будучым захоўваецца. Для такой праграмы запатрабуюцца рашучыя меры на пачатковым этапе і абавязаньні ад усіх ключавых асобаў, якія вызначаюць эканамічную палітыку Беларусі, у тым ліку і на самым высокім узроўні, рэалізоўваць комплексны плян пасьлядоўных захадаў макраэканамічнай палітыкі і глыбокіх структурных рэформаў».

На прэсавай канфэрэнцыі, калі ў Менску была мінулая місія МВФ, Гофман сказаў, што гарантыяў Нацбанку і ўраду для МВФ мала, а трэба асабістая гарантыя кіраўніка Беларусі. З гэтага вынікае, што бяз згоды Аляксандра Лукашэнкі на структурныя рэформы чакаць новага крэдыту МВФ не выпадае.

​Што да цяперашняй эканамічнай сытуацыі ў Беларусі, то місія МВФ назвала яе сур’ёзнай. Для таго, што такая сытуацыя склалася, ёсьць унутраныя і вонкавыя падставы. Вонкавыя — гэта запавольваньне эканамічнага росту ў Расеі, а таксама пытаньні, зьвязаныя з нафтай і каліем. А ўнутраных, на думку місіі, — дзьве. Гэта неабгрунтавана высокі рост заробкаў і мэтавых крэдытаў. Прадстаўнікі місіі МВФ сказалі, што плян, падрыхтаваны Нацбанкам і ўрадам, выглядае пэрспэктыўным, аднак захады, якія там ёсьць, трэба і пашыраць, і праводзіць у жыцьцё як мага хутчэй. Бо дзейны плян — гэта толькі пачатак працы.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі


Місія МВФ прапанавала, каб стабілізаваць сытуацыю на валютным рынку, падняць тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі і транспарт да поўнага пакрыцьця адпаведных выдаткаў жыхарамі Беларусі.

На пытаньне журналістаў, наколькі трэба зьменшыць курс беларускага рубля параўнальна з замежнымі валютамі — на 20–30% ці на 50%, кіраўнік місіі сказаў, што канкрэтнымі лічбамі місія МВФ не займаецца.

«Аднак мы рэкамэндавалі ўраду Беларусі зрабіць абменны курс больш гнуткім», — сказаў Гофман.

David Hofman





Заіка: Беларусам трэба задумацца, каму ўладу даверылі


Леанід Заіка

Дырэктар аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка адзначае, што МВФ устанаўлівае крэдытныя лініі ў сувязі зь нестабільнасьцю грашовай адзінкі і ваганьнямі глябальнай эканомікі.

«У гэтым пляне Беларусь не такая праблематычная, як Грэцыя ці Партугалія. Крэдыты, канечне, можна даваць.

Але пытаньне палягае ў тым, ці патрэбныя гэтыя крэдыты Беларусі. Трэба спытацца ў дзевяці мільёнаў беларусаў ці патрэбныя ім гэтыя крэдыты. Навошта сёлета павялічылі рэальны заробак на 20%, калі ВУП вырас толькі на 1%? Хто так робіць? Пірог стаў большы на 1%, а лыжак раздалі на 20% больш.

МВФ — гэта міжнародныя чыноўнікі, камэрцыйная арганізацыя. І самае галоўнае пытаньне ў крэдытах ня ў тым, што „адпавядае“ ці „не адпавядае“. Даюць грошы тым, у каго ёсьць што прадаваць. Вось у беларуса можна спусьціць апошнія нагавіцы і прадаць калійны камбінат — ёсьць што прадаць, даюць грошы. Маўляў, прадасьце фамільнае срэбра і з намі расплаціцеся. Дарэчы, Мазырыскі НПЗ ужо стаіць у сьпісе на продаж. Для таго, каб расплаціцца за ўсе гэтыя эканамічныя экспэрымэнты цяперашняй улады, прадаюць вялікі завод, які дае 20% экспарту Беларусі. А беларускія чыноўнікі потым гэтыя грошы пілуюць і застаюцца ля ўлады.

Таму гэты крэдыт МВФ беларусу абсалютна не патрэбны. Яму патрэбнае нармальнае кіраўніцтва, якое разьвяжа рукі бізнэсу. Беларусам трэба задумацца, каму ўладу даверылі».



Чалы: МВФ асьцярожнічае


Сяргей Чалы

Эканаміст Сяргей Чалы ў інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што ва ўладаў была спроба абысьціся малой крывёю, каб дамовіцца пра новую крэдытную праграму. Аднак, паводле МВФ, плян, падрыхтаваны Нацбанкам і ўрадам пра зьмену эканамічнай палітыкі, аказаўся недастатковым:

«Нашым крэдытная праграма вельмі патрэбная. МВФ таксама зацікаўлены, але паводзіць сябе асьцярожна пасьля не зусім пазытыўнага вопыту ў 2009 годзе, калі толькі да пэўнага моманту Беларусь выконвала патрабаваньні гэтай сумеснай праграмы. А істотныя пытаньні, якія тычыліся менавіта структурных мераў, каб сытуацыя ў зьнешнім сэктары ня стала хранічнай, былі праігнараваныя. А гэта і стала прычынай крызісу 2010 году.

Таму МВФ асьцярожнічае і ажыцьцяўленьне некаторых мераў хоча бачыць раней, чым можа адбыцца ўхваленьне праграмы. Калі яны кажуць, што трэба абмяжоўваць рост заробкаў у бюджэтнай сфэры і павялічваць гнуткасьць валютнага курсу — гэта адназначная рэкамэндацыя. Гаворка ідзе пра спыненьне практыкі апераджальнага росту даходаў, а магчыма, і замарожваньне яго на пэўны пэрыяд. Яны лічаць, што цяперашні курс рубля ня ёсьць раўнаважным і што беларускі рубель павінен аслабляцца больш хуткімі тэмпамі.

Таму новая праграма будзе, але яны хочуць пераканацца, што іх ня кінуць, як у мінулы раз. Сытуацыя ў пэўнай ступені нагадвае тое, што было прыканцы 2008 году, калі стала зразумела, што праграма МВФ патрэбная».