Як цьвік у дрэва

Магчыма, сьвет ніколі не даведаўся б пра Марціна Лютэра, калі б не чалавек, якога звалі Тэцэль.

Увішны дамініканец Тэцэль зьявіўся на Ляйпцыгшчыне ўвесну 1517 году і адразу ж разгарнуў тут свой маленькі бізнэс, які вельмі хутка зрабіўся для яго залатой жылай: тым, што яшчэ нікому не замінала ў квашаніне, зваранай з залатога цяляці. Ён прадаваў індульгенцыі — як андулясьён на даму рабіў: дзесяць талераў за забойства таты і мамы, сем — за забойства кагосьці іншага, не такога горача любімага, дзевяць — за сьвятатацтва, пяцёрка — за крадзеж. Плаціш — і турпаездка ў пекла адмяняецца. Чарга да Тэцэля была, як да Леніна ў маўзалеі.

Багаслоў і выкладчык унівэрсытэту ў Вітэнбэргу, які часта выступаў з казаньнямі ў мясцовай царкве, Марцін Лютэр, пачуўшы пра посьпехі Тэцэля, быў разьюшаны не на жарт. Кожны дзень ён даведваўся пра новыя перамяшчэньні дамініканца і пра новыя статкі кліентаў, якіх даіў спрытнюга Тэцэль — і толькі бясьсільна сьціскаў тоўстыя кулакі. Што ён мог зрабіць? Лютэр паскардзіўся арцыбіскупу — той параіў ня лезьці не ў сваю справу. «Цалейшы будзеш, браце Марцін!» Арцыбіскуп сам быў у долі.

Улетку Тэцэля пабачылі за чатыры мілі ад Вітэнбэргу, у Югербоку. «Такі мілы манашак, — сарамліва апускалі вочы жанчыны, расказваючы Лютэру пра сваё знаёмства з Тэцэлем. — І ў яго так танна! Мы купілі індульгенцыю для нас з Гансам, а таксама для Кляры, Ляўры, Лёры, Лярэнцы, Леапольда і Грэтхен з Гэнзэлем! Цяпер можна спакойна адправіць Гансаву матулю на той сьвет — так ужо яна нам абрыдла!»

Ісьці на канфрантацыю Лютэр, зрэшты, да пары баяўся. «Я быў адзін, — прыгадваў ён пасьля. — Толькі мая неасьцярожнасьць зацягнула мяне ў гэты вір. Я багоміў Папу ад чыстага сэрца, хто я быў тады? Нікчэмны манах, хутчэй труп, чым жывое цела!»

Але вось падчас нейкага казаньня ягоная, Лютэрава паства, заяўляе яму, багаслову, што індульгенцыя — гэта добра, гэта для народу, гэта Папа так пра просты люд клапоціцца, вось бы яшчэ і пэнсіі павялічыў! — і што ніхто зь Лютэравых парафіянаў не раскайваецца ў сваёй пакупцы. А пакупкі ў Тэцэля, як высьветлілася, зрабілі амаль усе. Толькі адзін мясьнік не пасьпеў — сказаў, што якраз едзе ў Бэрлін і спадзяецца набыць тым індульгенцыі на перадкалядным распродажы.

31 кастрычніка 1517 году Лютэр ідзе да брамы Вітэнбэрскай царквы і прыбівае да яе свае 95 тэзісаў. Гэта не было нейкім пэрформансам і само па сабе выкліку нікому ня кідала: звычайны спосаб запрасіць апанэнтаў на багаслоўскі дыспут. «Калі б Папа ведаў, чым абярнулася яго ідэя з індульгенцыямі, ён бы лепш дазволіў Сабору сьвятога Пятра згарэць... » Назаўтра ў гэтую царкву мелася прыехаць куча высокапастаўленых асобаў у спадзеве на зьніжкі пры адпушчэньні грахоў — Лютэр ведаў, як зрабіць так, каб яго прачытала ўся Саксонія.

Тук-тук-тук. Цьвік уваходзіць у дрэва не адразу, але надзейна — як слова. Так і пачалася гэтая рэвалюцыя, якая зрабіла Эўропу іншай, падзяліла князёў і каралёў, конюхаў і салдатаў, сялянаў і сьвятароў, перакроіла межы і розумы і абудзіла падзаснулую веру, якая зрабіла Лютэра літаратарам, а яшчэ — першым у сьвеце пісьменьнікам па праграме Writer in Exile: хаваючыся ў вартбурскім замку саксонскага курфюрста, Лютэр уначы размаўляе з д’яблам, а ўдзень перакладае Біблію. «Я зусім не хацеў сварыцца з Папам, — кажа ён курфюрсту. — Але гэты прадавец індульгенцый... Ненавіджу такіх дзялкоў! Ахвотна прыбіў бы да брамы ў Вітэнбэргу дзевяноста пяць тэцэляў замест дзевяноста пяці тэзісаў. Толькі позна. Яны мяне ўжо не паслухаюць...»