ЗША: сачэньне за саюзьнікамі ў Эўропе стварыла «складанасьці ў адносінах»

Мэркель і Абама

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША прызнаў у пятніцу, што перахоп тэлефонных размоваў канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель, а таксама шэрагу высокапастаўленых асобаў у Францыі і Італіі, стварыў «напружаны момант у адносінах з саюзьнікамі».

Інфармацыю пра сакрэтны маніторынг мабільнай сувязі грамадзянаў саюзных дзяржаваў раскрыў былы кантрактнік амэрыканскіх спэцслужбаў Эдвард Сноўдэн, які знаходзіцца цяпер у Расеі.

Джэн Сакі

«Уцечка гэтай інфармацыі», — сказала прэсавая сакратарка Дзяржаўнага дэпартамэнту Джэн Сакі, «спараджае цяжкасьці ў адносінах з саюзьнікамі, якія трэба пераадольваць. Яна адцягвае ўвагу ад рашэньня надзённых праблемаў».

Гэтыя пытаньні абмяркоўваліся ў часе нядаўняга візыту дзяржаўнага сакратара Джона Кэры ў Францыю і Італію. На наступным тыдні ў Вашынгтон для кансультацыяў прыбываюць прадстаўнікі выведных службаў ФРГ.

Паводле Джэн Сакі, было б памылкай дазволіць ўзьніклым непаразуменьням ускладніць супрацу саюзьнікаў па Іране, Сырыі або гандлёва-эканамічных пытаньнях.