Міхаіл Хадаркоўскі. 10 гадоў за кратамі

Хадаркоўскі за шклом у маскоўскім судзе (2010 год)

Сёньня споўнілася 10 гадоў, як быў зьняволены былы нафтавы магнат Міхаіл Хадаркоўскі, некалі найбагацейшы чалавек Расеі. Яго прызналі вінаватым ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і асудзілі да васьмі гадоў пазбаўленьня волі. А ў 2010 годзе Хадаркоўскага асудзілі на другі турэмны тэрмін паводле абвінавачваньня ў крадзяжы зь яго ўласнай нафтавай кампаніі ЮКАС.
Сёньня расейская служба Радыё Свабода прысьвяціла 3-гадзінны відэаэфір справе Хадаркоўскага. Газэта The New York Times апублікавала вялікі артыкул былога кіраўніка кампаніі ЮКАС Міхаіла Хадаркоўскага да дзесяцігоддзя ягонага арышту і зьняволеньня.

Як піша Хадаркоўскі, цяперашні расейскі рэжым увайшоў у стадыю незваротнай дэградацыі, аднак сам гэтага рэжым не ўсьведамляе і вельмі неахвотна дае сваім апанэнтам поле для рэальнай палітычнай канкурэнцыі. У такіх умовах «адзіная надзея на перамены — шырокі мірны пратэстны рух» , - піша Хадаркоўскі.

На яго думку, мірны пратэст, у адрозьненьне ад пратэсту сілавога, ня можа выклікаць зваротнай рэакцыі і падштурхнуць у абдымкі рэжыму спалоханага абывацеля і ўмераныя палітычныя сілы.

Хадаркоўскі заклікаў расейскую апазыцыю браць прыклад з паўднёваафрыканскага палітычнага дзеяча Нэльсана Мандэлы, які, як адзначае аўтар, змог падняцца над асабістай крыўдай і клясавымі забабонамі і прывесьці грамадзтва па цяжкай дарозе ад грамадзянскай вайны да міру.

Чакаецца, што Хадаркоўскага вызваляць у жніўні 2014 году. Аднак прыхільнікі Хадаркоўскага непакояцца, што супраць яго могуць быць выстаўленыя новыя абвінавачваньні, каб трымаць яго за кратамі. Яны кажуць, што Хадаркоўскі ўяўляе сабой патэнцыйны палітычны выклік прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну.

Сын Хадаркоўскага Павал, які жыве ў ЗША, у інтэрвію Радыё Свабода распавёў, што яго бацька ня бачыць сябе палітыкам, ня будзе вяртацца бізнэс, а зоймецца грамадзкай дзейнасьцю.

Паводле дадзеных апошняга апытаньня, праведзенага Левада-цэнтрам, дзьве траціны масквічоў віталі б вызваленьне Міхаіла Хадаркоўскага. Супраць выхаду на волю былога кіраўніка ЮКАС выказаліся 10 адсоткаў рэспандэнтаў. Пры гэтым 32 працэнты апытаных мяркуюць, што рашэньне аб вызваленьні Хадаркоўскага залежыць асабіста ад Уладзімера Пуціна.

Эўрапейскі суд па правах чалавека пастанавіў, што суд над Хадаркоўскім ня быў палітычна матываваным, але працэс супраць Хадаркоўскага быў несумленным і несправядлівым.

У Маскве сёньня, у дзесятую гадавіну арышту былога кіраўніка ЮКАС праходзяць Міжнародныя чытаньні салідарнасьці з Міхаілам Хадаркоўскім, Платонам Лебедзевым і з усімі палітычнымі вязьнямі ў Расеі.

Акцыя адбываецца ў Сахараўскім цэнтры ў рамках праекта Бэрлінскага міжнароднага літаратурнага фэстывалю. У гэты дзень пісьменьнікі, акторы, мысьляры, грамадзкія дзеячы і проста неабыякавыя людзі чытаюць лісты і артыкулы Міхаіла Хадаркоўскага ў розных краінах сьвету.