Храмы і турмы Гуляйполіса

Нестар Махно — гіпнатычная ікона анархізму (вядома, у ягоным практычным варыянце, далёкім ад кабінэтных тэорый, якія ні на адну тачанку ня зьмесьцяцца, коні не павязуць). І ён жа — найлепшае яго абвяржэньне. Бо — бяз бацькі нікуды, хай сам бацька з гэтым і ня згодны. Уладу ён меў — ды яшчэ якую... Калі не імпэратар — дык гетман з Троцкім яму дакладна зайздросьцілі.

Але найперш Махно — пэрсанаж. Які, згодна з пасьмяротнай воляй аўтара, памёр у 1921 недзе на румынскай мяжы — і які, падобна ўсім пасьпяхова створаным пэрсанажам, жыве дагэтуль. Сьмерць расейскага эмігранта пад імем Nestor Makhno і яго пахаваньне на Пэр-Ляшэз у Парыжы падзеяй не зрабілася. Мяняць міты на праўду не хацеў ніхто.

Вялікая Савецкая энцыкляпэдыя сьцьвярджае, што нарадзіўся Нестар Іванавіч 29 кастрычніка (паводле новага стылю) 1888 году ў Гуляйполі. І хай Махно і ягонае войска заклікалі ні ў чым ня верыць бальшавікам, здраднікам сялянскага вызваленьня — тут, напэўна, паверыць можна. Як і наагул у праўдзівасьць фактаў яго жыцьця да 1918-га — калі Махно пачаў узброеную барацьбу. Не за Леніна і не за Троцкага, не за пралетарыят і не за камунізм, не за нацыю і не за клясы. Проста — за волю. Ён ведаў, што гэта такое. Паплечнікі — толькі здагадваліся. Але ўсе, улучна з ворагамі, разумелі: волі без крыві не бывае.

Вось кніжка, выдадзеная ў Парыжы некалькі дзесяцігодзьдзяў таму. У ёй успаміны, артыкулы, ліставаньне Махно ў 20-х-пачатку 30-х — адчайная спроба іх аўтара расказаць праўду пра сваё безнадзейнае змаганьне. Быццам ён прадчуваў, што і амаль праз сто гадоў ягонае імя будуць акружаць сумневы, домыслы і зусім не патрэбныя яму арэолы і аўры, у якія апрануў тысячы добрых людзей стрэл недарэчнай «Аўроры».

Ён ня быў бандытам. Бандыт не ваюе за ідэю. Махно пакінуў Украіну, ня маючы аніякіх ашчаджэньняў і рахункаў у швэйцарскіх банках, ён не нажываўся — ён нажываў: ворагаў і прыхільнікаў, у залежнасьці ад пасьлядоўнасьці сваіх дзеяньняў.

Ён ня быў ні цёмным мужыком, ні «пенай на хвалі перабудовы». Інтэлектуалам яго, вядома, назваць цяжка — але адукацыі ён меў дастаткова, каб убіраць у сябе ідэі, а не прымазвацца да іхных ільсьністых целаў. У турме ён атрымаў тэарэтычную загартоўку, якой ня меў ніводзін зь сялянскіх камандзіраў. А апрача таго, прачытаў столькі расейскай клясыкі, што яго баяліся нават школьныя настаўнікі.

Іншая рэч — чаму вучыла расейская клясыка. А вучыла яна разумнаму, добраму, вечнаму. Так і не давёўшы, што гэта такое: розум, дабро і вечнасьць. Расейская літаратура ўсё заблытала. Талстой з кулямётам — такі самы небясьпечны, як і Анка.

Ён ня быў антысэмітам. У сваіх успамінах ён прыгадвае, як вучыў людзей, што анархія — для ўсіх, незалежна ад нацыянальнасьці, ён з гордасьцю расказвае пра сваю яўрэйскую батарэю, пра бязьлітаснае пакараньне кожнага пагромніка і юдафоба. І, з асаблівым задавальненьнем — пра свой суд над часовым стратэгічным хаўрусьнікам, атаманам Грыгор’евым.

«...20 ліпеня мы прыехалі ў сяло Сентава. Тут мы засьпелі разгромленымі сялянскую патрэбілаўку і малую яўрэйскую крамку. Гаспадыня, яўрэйка, была забітая, і труп яе валяўся побач... На той час намі ўжо было высьветлена, што... Грыгор’еў за дзень да свайго ўступленьня ў нейкае сяло пасылае туды атрад з загадам абрабаваць і перабіць яўрэяў... 27 ліпеня Грыгор’еў быў абвешчаны мной на плошчы гэтага сяла дзянікінскім агентам і пагромнікам, а празь некалькі хвілін расстраляны...»

Стылю тут асаблівага няма. Махно ня быў пісьменьнікам. Ён быў фанатыкам ідэі, і ідэя зьнішчыла яго. Зьела, як сухоты. Гуляйполісу ў яго ня выйшла, як і Ленінграду ў бальшавікоў. А Парыж вось стаіць дагэтуль — і з уздыхам глядзіць на сваіх бесталковых анархістаў. Нашчадкаў няўрымсьлівага Нестара.