Мэксыка патрабуе ад ЗША расьсьледаваць факты шпіянажу

Улады Мэксыкі заклікалі Злучаныя Штаты Аэрыкі пачаць расьсьледаваньне фактаў ўзлому электроннай пошты колішняга прэзыдэнта краіны Фэліпэ Кальдэрона.
Публікацыі пра тое, што пошту Кальдэрона ўзламалі, зьявілася ў нямецкім друку днямі.

Артыкулы грунтуюцца на дадзеных, атрыманых ад былога супрацоўніка амэрыканскіх спэцслужбаў Эдварда Сноўдэна.

А яшчэ раней Сноўдэн абнародваў інфармацыю пра тое, што АНБ мела доступ да электроннай пошты прэзыдэнткі Бразыліі Дылмы Русэф, а таксама ўзламала кампутарныя сеткі бразыльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі Petrobras.

Бразілія запатрабавала тлумачэньняў ад ЗША. А сама Русэф скасавала свой афіцыйны візыт у Вашынгтон.


Даведка Радыё Свабода — Эдвард Сноўдэн і ягоныя выкрывальніцтвы


Эдвард Сноўдэн, якому 30 гадоў, зьбег у Ганконг пасьля сваіх выкрыцьцяў у прэсе пра таемныя праграмы сачэньня амэрыканскіх уладаў, у прыватнасьці, па дадзеных аб тэлефонных размовах празь сеткі прынамсі адной з найбуйнейшых тэлефонных кампаній у ЗША, а таксама за дзеяньнямі ў інтэрнэце, якія ажыцьцяўляюцца празь сеткі дзевяці буйных інтэрнэт-кампаніяў ЗША за мяжой.

Сноўдэн перадаў журнаслітам розных выданьняў дакумэнты пра апэрацыі спэцслужбаў ЗША.

У Агенцтве нацыянальнай бясьпекі ЗША настойваюць, што гэтыя праграмы дапамаглі сарваць дзясяткі тэрактаў.

У ЗША Сноўдэну завочна выставілі абвінавачваньне ў выкраданьні маёмасьці дзяржавы, наўмысным разгалошваньні сакрэтных зьвестак і незаконнай перадачы абароннай інфармацыі. Па кожным з гэтых абвінавачваньняў яму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.

Сноўдэн атрымаў часовы прытулак у Расеі.