Ужо сёньня, 23 кастрычніка: Талака ў Курапатах, дзень народзінаў Цішкі Гартнага

Памятны знак Цішку Гартнаму

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ

Па ініцыятыве кампаніі «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» праходзіць трэці, заключны этап Талакі ў Курапатах, прысьвечаны Дню памяці ахвяр таталітарных рэпрэсій у Беларусі. У будныя дні праца праводзіцца ад 16.00.

У Брусэлі заканчваецца двухдзённая сустрэча міністраў абароны краін-удзельніц НАТО.

У Варшаве заканчваецца двухдзённая сустрэча ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1956 – у Вугоршчыне выбухнула антыкамуністычнае паўстаньне, якое здушыла савецкая вайсковая інтэрвэнцыя.

1958 – савецкі расейскі пісьменьнік Барыс Пастэрнак атрымаў Нобэлеўскую прэмію за раман «Доктар Жывага», які стаў бэстсэлерам на Захадзе, але ня быў апублікаваны ў ягонай краіне.

У гэты дзень нарадзіліся:

1813 – Людвіг Ляйхгард, нямецкі падарожнік і геоляг, дасьледчык Аўстраліі. Прапаў бязь вестак у 1948 годзе пры спробе перасячэньня Аўстраліі з усходу на захад. Постаць Ляйхардта паслужыла прататыпам для галоўнага героя раману «Фос» аўстралійскага пісьменьніка Патрыка Ўайта, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі 1973 году.

1816 – Арцём Вярыга-Дарэўскі, беларускі паэт, драматург, публіцыст і дасьледнік фальклёру, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

1887 – Цішка Гартны, беларускі пісьменьнік, грамадзкі і дзяржаўны дзяяч (пам. 11.4.1937). Друкавацца пачаў з 1908 у газэце «Наша ніва». Першая кніга «Pieśni» выйшла ў 1913. У 1918 сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята. Рэдактар першай беларускай бальшавіцкай газэты «Дзяньніца». У 1921 у Бэрліне наладзіў выданьне беларускіх кніг. Пасьля вяртаньня ў Менск рэдактар газэты «Савецкая Беларусь», ініцыятар стварэньня літаратурнага аб'яднаньня і часопісу «Полымя», узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў БССР, працаваў намесьнікам наркама асветы БССР, у Інстытуце гісторыі БелАН. Акадэмік БелАН з 1928. Выключаны з ВКП(б) у1931 з фармулёўкай «за сувязь з нацдэмаўскімі і фашысцкімі элемэнтамі». Арыштаваны 15.11.1936, 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе і памёр (па афіцыйнай вэрсіі ад гангрэны лёгкіх; па іншых зьвестках – скончыў жыцьцё самагубствам).

1896 – лінгвіст і літаратуразнаўца Раман Якабсон.

1909 – Міхась Зуй, вайсковы і палітычны дзяяч, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і Аўстраліі, прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады (1987-1995).

У гэты дзень памерлі:

1941 – Васіль Шашалевіч, беларускі драматург.

1981 – Якуб Міско, беларускі пісьменьнік і журналіст.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Мой верш – мая душа
І думка шчырая мая!
У кожным слове маё я.
Мой верш – мая душа».


Цішка Гартны