Вядомыя ўкраінскія пісьменьнікі заступіліся за “Логвінаў”

Палічкі выдавецтва "Логвінаў" на кніжнай выставе ў Нямеччыне

Украінскія пісьменьнікаў напісалі адкрыты ліст з нагоды адкліканьня ліцэнзіі ў беларускага выдавецтва “Логвінаў”.
Выказваем сваё абурэньне з нагоды пазбаўленьня ліцэнзіі менскага выдавецтва “Логвінаў”. Гэты крок з боку беларускага міністэрства інфармацыі ніякім чынам не стасуецца з прынцыпамі свабоды слова, адно заганяе літаратуру і мастацтва ў стан, знаёмы нам з не найлепшых савецкіх часоў.

Добрая літаратура, як вядома, – дзейсны сродак супраць закасьцянелых стэрэатыпаў і аднабокіх, нэгатыўных ўяўленьняў пра краіну і яе жыхароў. Таму нас, прадстаўнікоў суседняй літаратуры, не можа не хваляваць зьбядненьне літаратурнага поля Беларусі, якое абавязкова наступіць за зачыненьнем уплывовага выдавецтва. Нагадаем, што “Логвінаў” публікуе выдатныя творы мастацкай літаратуры, а таксама альбомы па мастацтве, якія фармуюць культурны ляндшафт краіны. Выдавецтва, шырока вядомае ва Ўкраіне, станоўча ўплывае сваёй дзейнасьцю на імідж Беларусі, прэзэнтуе сваю краіну як культурную і літаратурную эўрапейскую дзяржаву з насычаным грамадзкім і прыватным жыцьцём. Акрамя таго, выдавецтва “Логвінаў” актыўна працуе зь іншымі літаратурамі, у тым ліку і з украінскай. Менавіта ў выдавецтве “Логвінаў” пабачылі сьвет перакладныя кнігі Юрыя Андруховіча і Сяргея Жадана. Выхад у сьвет гэтых кніг стаўся падзеяй у літаратурным жыцьці абедзьвюх краін і правёў да ўсплёску ўзаемнага зацікаўленьня.

Такім чынам, мы заклікаем беларускае міністэрства інфармацыі як найхутчэй вярнуць выдавецтву “Логвінаў” ліцэнзію, спыніць наступ на беларускую літаратуру.

Падпісаліся:

Марыя Маціос
Юры Андруховіч
Андрэй Куркоў
Андрэй Бондар
Андрэй Какацюха
Юрко Прохаська
Аляксандра Коваль
Багдана Маціяш
Сяргей Жадан
Ірэна Карпа
Расьціслаў Мельнікаў
Іван Малкавіч
Ларыса Дзенісенка
Мар’яна Кіяноўская