Вязьні менскага гета: «Мы так баяліся паміраць!»

Былыя вязьні канцлягераў, іх сваякі і сябры, праведнікі народаў сьвету, а таксама прадстаўнікі габрэйскіх суполак розных краінаў сабраліся сёньня ў менскім мэмарыяле «Яма», каб падчас жалобнага мітынгу ўзгадаць габрэяў, зьнішчаных нацыстамі 70 гадоў таму.
Менавіта ў гэты дзень 70 гадоў таму адбылася апошняя акцыя зьнішчэньня габрэяў у Менскім гета, у якім агулам загінула больш за 115 тысяч чалавек.

Менскае гета была адным з самых вялікіх у Эўропе. На некалькіх абнесеных калючым дротам вуліцах, сярод якіх сучасныя Заслаўская, Мельнікайтэ, Максіма Танка, нацысты ўтрымлівалі больш за 100 тысяч людзей. Тут яны рэалізавалі сваю дактрыну плянамернага вынішчэньня габрэйскага насельніцтва. Унікальнасьць менскага гета ў тым, што для зьнішчэньня сюды прывозілі вязьняў зь Нямеччыны, Аўстрыі, Польшчы, іншых краінаў.

Кіраўніца бюро сувязяў канцылярыі прэм’ер-міністра Ізраілю Наомі Бэн-Амі адзначыла, што праз жудасьць падзеяў, якія адбываліся 70 гадоў таму, менская «Яма» стала сымбалем Галакосту, забойства мноства бязьвінных людзей.

«Сёньня мы гаворым пра сьвятасьць людзей і пра страшную трагедыю, якую
Адзінай іх віной было тое, што яны — габрэі
перажыло чалавецтва ў гады наступленьня на Эўропу фашысцкай ідэалёгіі. У якой бы краіне ні жыў чалавек, на якой бы мове ён ні гаварыў, ён ня можа забыць самую вялікую паводле маштабу трагедыю 20 стагодзьдзя — Галакост. Мы памятаем кожнае імя, вочы гэтых людзей глядзяць на нас з пажаўцелых фатаздымкаў старых альбомаў. Мы памятаем, як расстрэльвалі наш народ, нашу веру, нашае права на жыцьцё. Людзі, якія скончылі сваё зямное існаваньне на гэтым месцы, былі пакараныя не за цяжкія грахі. Адзінай іх віной было тое, што яны — габрэі. На гэтым прыкладзе мы павінны вучыцца выконваць біблійны запавет — любіць бліжняга свайго».

Віцэ-прэзыдэнт Усясьветнага габрэйскага кангрэсу, галоўны рабін Украіны Якаў Доў Блайх у сваім выступе распавёў, што паводле габрэйскага календара 21 кастрычніка 1943 году было габрэйскае сьвята Шміні Ацэрэт, калі трэба чытаць Ізкор — памінальную малітву.

«Гэта сымбалічна. Менавіта ў гэты дзень было зьнішчана гета ў Менску, куды сабралі габрэяў усёй Эўропы. Ізкор — гэта малітва ня толькі за тых, хто пайшоў, а таксама і за тых, хто застаўся, каб мы памяталі нашыя карані і разумелі, куды ідзём», — сказаў Якаў Доў Блайх.

Старшыня гарадзкой арганізацыі вязьняў Фрыда Рэйзман распавяла, як яна 7-гадовай дзяўчынкай успрымала тое, што адбывалася на менскіх вуліцах:

«Я — вязень менскага гета. Гэтая вуліца — мая малая радзіма. Вось тут стаяў дзіцячы дом у гета, у якім выразалі ўсіх дзяцей. Забівалі ў ложках, галодных.
Вось тут стаяў дзіцячы дом у гета, у якім выразалі ўсіх дзяцей. Забівалі ў ложках, галодных...
А старэйшых білі так, што яны крычалі „Дзядзечка, ня біце, мы самі ў машыну пойдзем“. Што такое пагромы? Урываюцца ў кожны дом, шукаюць, забіваюць. Пасьля прастуквалі ўсе сьцены, бо людзі сталі рабіць двайныя сьцены, каб хавацца. Кідалі гранаты ў скляпы. Я перажыла шэсьць пагромаў, начныя і дзённыя аблавы. Я так баялася сьмерці. Я нават не магу перадаць, як холад страху агортваў з ног да галавы. Нас, дзяцей, зганялі глядзець, як забіваюць іншых ахвяраў. Я памятаю, як расстрэльвалі разрыўнымі кулямі ў галаву групу дзяўчатак. Па вуліцы цякла рака крыві і мазгоў. Я дагэтуль не магу зразумець, як чалавек, застаўшыся адзін на адзін зь дзіцёнкам, можа спакойна ўсадзіць кулю яму ў галаву».

Падчас нямецкай акупацыі тысячы беларусаў дапамагалі габрэям , хавалі іх у сваіх сем’ях. Цяпер такія людзі маюць статус праведнікаў народаў сьвету. У Беларусі іх цяпер 711. На мітынгу 712-ты ў Беларусі мэдаль праведніка народу сьвету, прысуджаны пасьмяротна Галіне Бельдзюкевіч, уручылі яе дачцэ Наталі Грамыцы.

Беларуская татарка Ганна Трафімава — праведніца сьвету. Яе сям’я рызыкавала жыцьцём, каб абараніць габрэяў:

«Я праведніца сьвету, ратавала габрэяў. Памятаю, была па суседзтве сям’я, мы сябравалі зь імі. І вось на ўсе пагромы яны прыбягалі да нас. А ў 1942 годзе габрэйка з той сям’і папрасіла нас, каб мы схавалі яе мужа-габрэя, таму што тэрор павялічваўся. Адстрэльвалі ў асноўным мужчын. Мы яго схавалі і цэлы год трымалі, жывучы ў горадзе. Гэта было так нялёгка, бо гэта ж ня вёска, а горад, складана хаваць чалавека», — кажа Ганна Трафімава.

Пра тое, як катавалі габрэяў у менскім гета, распавёў Міхаіл Трэйстэр, старшыня беларускай асацыяцыі былых вязьняў гета і нацысцкіх канцлягераў, былы вязень Менскага гета:

«У кожным горадзе ці мястэчку па-рознаму склалася ваенная гісторыя. Напрыклад, у Кіеве ўсіх габрэяў зьнішчылі за першы тыдзень акупацыі, а ў Менску гэта працягвалася 900 дзён. Мэтады зьнішчэньня былі вельмі розныя — начныя пагромы, цяжкая непасільная праца, голад, хваробы, зьдзекі. Так атрымалася, што Беларусь стала ўнікальнай як па колькасьці зьнішчаных людзей, так і па працягласьці катаваньняў».

Старшыня габрэйскага таварыства эстэтычнага і фізычнага навучаньня з Санкт-Пецярбургу Вадзім Палянскі наведаў мэмарыял «Яма» ўпершыню. Кажа, што ў ягонай суполцы малітвы за тых, хто загінуў у Галакост, гучаць пастаянна.

«У гэтым годзе такая дата адзначаецца, таму кіраўнікі розных габрэйскіх суполак сабраліся тут, у Менску, каб засьведчыць сваю павагу і памяць тым, хто загінуў у Галакост. Я калі праводжу Кабалат Шабат у сваёй суполцы, заўсёды чытаю памінальную малітву ня толькі за нашых памерлых сваякоў і сяброў, а і за тых, за каго няма каму памаліцца — за тых, хто загінуў у Галакост».

Апроч афіцыйных прадстаўнікоў і былых вязьняў гета на мітынгу прысутнічала шмат людзей, не зьвязаных непасрэдна з Галакостам, але неабыякавых да тых падзеяў 70-гадовай даўніны. Карнэлія Квіго зь Нямеччыны разам зь сябрамі шукае сярод былых вязьняў менскага гета людзей, якія б маглі ведаць ейнага бацьку:

«Мы зь сябрамі ў Менску як турысты. Але нам вельмі цікавая гісторыя гораду, таму што гісторыі нашых сем’яў зьвязаныя зь Менскам. Бацька дваіх з нас быў тут падчас Другой усясьветнай вайны і жыў каля Менску. Цяпер мы хочам сустрэць тых людзей, якіх ён ведаў. Гэта прычына, чаму мы тут».

У адпаведнасьці зь юдэйскай традыцыяй да манумэнту ахвярам гета сёньня ўсклалі камень, прывезены з ваколіц Ерусаліму.