Музэі не ўзьнікаюць на пустым месцы. То бок тэарэтычна могуць — і цікава было б пахадзіць па такім сабе музэі пустаты, дзе на кожным кроку таблічкі: «Рукамі не дакранацца», дзе нічога настолькі няма, што яго забаронена фатаграфаваць з маланкай, і дзе ў экскурсаводы бяруць толькі сапраўдных пустабрэхаў.
Але ў нашым выпадку ўсё пачалося не з пустаты, а зь некалькіх даволі займальных выставаў.
22 кастрычніка 1942 году ў былым Доме прафсаюзаў на плошчы Свабоды ў Менску адчынілася экспазыцыя пад назвай «Новая Нямеччына». Сэнс яе быў у тым, што подзьвіг нямецкага народу будзе жыць у вяках і наагул: прыяжджай да нас у Рай(х), будзе мір, і труд, і май. І фюрэр, такі малады, абдыме цябе і скажа: дзе ж ты быў, мой вайсрутэне?
Другая адчынілася літаральна празь некалькі тыдняў на Чырвонай плошчы ў Маскве і назву мела амаль што нацыяналістычную, можна нават сказаць — паліцайскую: «Жыве Беларусь». Ну, не зусім так, вядома: «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца. Беларусь была і будзе савецкай» — гэткі трохі саманадзейны слоган быў абраны арганізатарамі экспазыцыі, на якой упершыню былі прадэманстраваныя сьвежыя беларускія артэфакты другой сусьветнай. Пры тым, што сама другая сусьветная была далёкая ад заканчэньня і ніхто з наведнікаў неяк не задумваўся, што бачыць перад сабой экспанаты будучага музэю. Зрэшты, пра што ім задумвацца, а пра што не, арганізатары вызначылі дакладна: «Над нашымі гарадамі і вёскамі сьвяціла сонца Сталінскай Канстытуцыі» — так зваўся першы разьдзел маскоўскай выставы.
У 1944-м гэтыя дзьве на першы погляд нічым не зьвязаныя падзеі цудоўным чынам выпхнулі на сцэну трэцюю. 22 кастрычніка таго году ў тым самым менскім Доме прафсаюзаў на тыя самыя паказаныя ня так даўно ў Маскве артэфакты змаглі зірнуць простыя менчукі і госьці амаль ушчэнт разбуранай сталіцы — у гэты дзень у вернутым пад сталінскае сонца горадзе адчыніўся Дзяржаўны музэй Вялікай і вельмі-вельмі Айчыннай вайны.
Кажуць, найбольшы фурор выклікаў разьдзел партызанскай зброі. І ня дзіва: паглядзець на самаробны шмайсэр партызана Цемякова, зроблены з роварнай рамы, каровіных рагоў, бочкі і аскепкаў зьбітага самалёта, хацеў кожны. Як і на танк, змайстраваны народнымі мсьціўцамі-ўмельцамі са звычайнай швейнай машынкі Зынгера і калгаснай снопавязалкі. У іншым аддзеле экспанаваліся ўлёткі, напісаныя чарніцамі, газэты, напісаныя суніцамі, часопісы, выкананыя трускаўкай на сале, і іншыя берасьцяныя граматы. А трэцяга разьдзелу ў музэі не было.
Недзе да 1947 году Менск і сам па сабе быў неблагім ваенным музэем, якую вуліцу ні вазьмі. Падабраныя проста на менскіх вуліцах трафэі можна было разглядзець на выставах, што ладзіліся проста пад адкрытым небам. Ды ён і цяпер горад-музэй, у якім ня ўсё яшчэ падлічана і ня ўсё схавана пад шкло: то тут бомбу знойдуць, то там снарад... То тут партызана зловяць, то там...
У сучасны будынак музэй пераехаў у 1966-м і, як выглядае, гэта не апошняя для яго зьмена жыхарства. Праўда, ягонага перайменаваньня — у музэй ІІ сусьветнай або Музэй беларускіх партызанаў, здаецца, і далей давядзецца чакаць са сьлязамі на вачах і сівізной на скронях. Вялікая Айчынная — і ўсё тут. Хоць са шмайсэра забіся. Хацелася б памыляцца. Але ў Беларусі музэй — больш чым музэй. Ён муза ідэалёгіі і яе грамадзянскі муж...
Кожны ваенны музэй асуджаны даглядаць у сваіх нетрах маленькую вайну — як мумію ў маўзалеі. Сачыць, каб выглядала прыстойна і не падгнівала дзе ня трэба. Музэй Беларусі патрэбны, словаў няма. А вось маўзалей — наўрад ці.