У Менску адбываецца Зьезд МХД

  • БелаПАН

Марына Хоміч, Віталь Рымашэўскі

У Менску распачаўся ўстаноўчы зьезд грамадзкага аб’яднаньня «Маладыя хрысьціянскія дэмакраты» (МХД).

Гэта будзе другая спроба афіцыйна зарэгістраваць арганізацыю, першая адбылася 3 лістапада 2012 года. Паводле слоў кіраўніка аргкамітэту МХД Марыны Хоміч, спробы рэгістрацыі будуць рабіцца датуль, пакуль Мінюст ня вынесе станоўчае рашэньне.

Згодна са статутам, МХД зьяўляецца рэспубліканскім маладзёвым грамадзкім аб’яднаньнем, якое гуртуе грамадзян на дабраахвотных пачатках для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных, культурных і іншых правоў. МХД зьяўляецца свецкім і нерэлігійным аб’яднаньнем, дзейнасьць якога распаўсюджваецца на ўсю краіну.

Пасьля леташняга зьезду Мінюст адмовіў у рэгістрацыі па трох пунктах. Па-першае, у міністэрстве мяркуюць, што сьпіс заснавальнікаў арганізацыі можа не адпавядаць сапраўднасьці, таму што ўказаныя несапраўдныя месцы працы заснавальнікаў. Па-другое, Мінюст указвае на тое, што заснавальнікі не падалі дадатковыя матэрыялы, якія маюць адносіны да зьезду, у прыватнасьці дамову з гаспадаром памяшканьня і сьпіс рэгістрацыі ўдзельнікаў зьезду. Ініцыятары арганізацыі лічаць такое патрабаваньне незаконным, а таму ня сталі выконваць рэкамэндацыі міністэрства. Па-трэцяе, на думку Мінюсту, заснавальнікі арганізацыі аформілі дакумэнты з парушэньнямі правілаў арфаграфіі і пунктуацыі, што адносіліся да прымяненьня загалоўнай літары на тытульным лісьце і косак.


У красавіку рашэньне Мінюсту падтрымаў Вярхоўны суд, адмовіўшы ў задавальненьні скаргі на адмову ў рэгістрацыі.