Без шкарпэтак ды трусоў, аднак у гарнітуры за мільён васямсот

Зьняволеныя адной зь беларускіх турмаў пашыхтаваныя ў калёны для адпраўкі ў сталовую на абед, архіўнае фота

Ад 15 кастрычніка беларускія папраўчыя ўстановы перайшлі на зімовую форму адзеньня. Згодна з зацьверджанымі Саўмінам правіламі, асуджаныя на дадатак да робы (чорныя баваўняныя штаты ды кіцель — на мове ЗК «кліфт») атрымалі кальсоны, шапку-вушанку са штучнага футра, летнія кірзавыя чаравікі ім памянялі на вышэйшыя зімовыя з тонкай, накшталт байкавай, пракладкай. Таксама зэкам выдалі фуфайкі (за кратамі іх называюць «цялагамі» ад слова «целагрэйка»). Гэтыя адзежыны, здадзеныя ў абавязковым парадку ў красавіку, вяртаюцца назад са складоў пакрытымі цьвільлю, бо захоўваюцца ў памяшканьнях зь вялікай вільгацьцю. Тэма нашай сёньняшняй праграмы — «Зэкаўская вопратка: якая яна ёсьць і якой павінна быць».


«За скаргі — забітая каналізацыя ды хлёрка ў ПКТ»


Але спачатку вернемся да гісторыі з героем нашай мінулай перадачы — 58-гадовым вязьнем Магілёўскай папраўчай калёніі № 15 Пятром Кучурам. За інкрымінаванае яму забойства егера Кучура адседзеў ужо 8 гадоў з 18-ці. Кожны раз, як асуджаны спрабуе дамагчыся перагляду прысуду, ён зазнае ціск ды перасьлед з боку турэмнага начальства. Апошні раз, аднак, ён трапіў у няласку адміністрацыі за… паход яго жонкі на прыём да кіраўніцтва ДВП. Падставай для гэтай сустрэчы стала пытаньне рэчавага забесьпячэньня зьняволеных.

Як вядома, у няволі асуджаныя ня маюць права насіць сваё, а павінны адзявацца строга паводле ўстаноўленага ўзору. Тое, што выдаецца зьняволеным на цела ды ногі, нярэдка прыносіць немалую шкоду здароўю. Гэта тычыцца і Пятра Кучуры, які набыў за кратамі інваліднасьць па сэрцы ды шэраг іншых цяжкіх захворваньняў. Вось пасьля такой размовы ў ДВП начальнік калёніі і заявіў вязьню: мы ператворым тваё жыцьцё ў сапраўднае пекла. Паколькі адначасна на сайце «Плятформа» быў апублікаваны дакумэнт пра грашовыя паборы адміністрацыі зь вязьняў у памеры больш за мільярд рублёў, гэты працёк інфармацыі таксама «навесілі» на Пятра Кучуру. Спачатку былі спагнаньні, потым напрыканцы верасьня асуджанага пакаралі 10 суткамі ШЫЗА. На пачатку кастрычніка перавялі на 6 месяцаў у ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу), дзе на некалькіх мэтрах без аніякай перагародкі і ложак, і стол, і прыбіральня і дзе ад самага пачатку была забітая каналізацыя.

Вось што паведаміла «Свабодзе ў турмах» жонка вязьня Людміла Кучура.

Your browser doesn’t support HTML5

Людміла Кучура пра ўмовы ўтрыманьня ў ПКТ




Турэмнае «рэчавае забесьпячэньне»


Тое, якім у беларускіх зьняволеных павінна быць адзеньне, рэглямэнтуецца Крымінальна-выканаўчым кодэксам. На турэмнай савецкай мове, якой карыстаюцца ў беларускіх вязьніцах і цяпер, гэта вызначаецца армейскім тэрмінам — «вещевое довольствие» (рэчавае забесьпячэньне).

Згодна з афіцыйнай разнарадкай, летась гэтае рэчавае забесьпячэньне, або поўны камплект зонаўскага адзеньня (чаравікі, роба, целагрэйка, шапка, сподняя бялізна, шкарпэткі) каштавала 1 мільён 800 тысяч беларускіх рублёў. Гэтую суму зэк павінен выплаціць пры вызваленьні.

Як лічаць былыя асуджаныя Сяргей ды Вячаслаў, каштаваць такіх грошай беларуская турэмная вопратка ніяк ня можа. Па-першае, яна, як правіла, няякасная. Па-другое, вязень атрымлівае з турэмнай амуніцыі далёка ня ўсё, што яму павінны выдаваць. Асабліва гэта тычыцца сподняй бялізны.

«Вось чалавека асудзілі гадоў на 10, 15, 18 і г.д. Ён прыбыў у калёнію з парай-тройкай маек ды трусоў… Родных, якія б маглі даслаць яму бялізну, няма… Як гэтаму чалавеку жыць?» — пытаецца былы зьняволены Сяргей:

«Раней, калі я сядзеў паводле іншых прысудаў, вязьням, акрамя целагрэйкі-ватоўкі і кліфта (такая роба чорнага колеру), давалі трусы, майкі. Хоць нешта. Спасылаючыся на нормы, падпісаныя Саўмінам, я напісаў у ДВП. І пра адзежу, якой не атрымліваем, і пра прадметы гігіены — пасту, шчотку, мыла, туалетную паперу. Я спытаўся: чаму гэтага нічога няма? Даюць толькі сабачае мыла. Калі мыеш ім адзеньне, а мы гэта робім раз на тыдзень, яно заўсёды сьмярдзіць псінай. Дык з ДВП мне адказалі: усе нормы зьмяніліся, і вы атрымліваеце ўсё, што вам належыць».
З ДВП мне адказалі: усе нормы зьмяніліся, і вы атрымліваеце ўсё, што вам належыць

Паводле Вячаслава, за ўсе 8 гадоў турмы ён толькі ў 2005-м, яшчэ ў менскай калёніі на Кальварыйскай, атрымаў належныя яму прадметы асабістай гігіены: адну зубную пасту і адну зубную шчотку. Трусы зь нетрывалай тканіны, якая рвецца адразу пасьля першага мыцьця, выдавалі двойчы за ўсю адседку. Столькі ж разоў і майкі, якія ў народзе завуць «алькагалічкамі».

«Самая ж вялікая праблема турэмнага рэчавага забесьпячэньня — гэта абутак», — кажа Вячаслаў. — У кірзе нага абсалютна ня дыхае. Да таго ж турэмныя чаравікі абсалютна не разьлічаныя на тых, хто мае плоскаступнёвасьць, грыбок або падагру. Раней турэмныя лекары раілі сваякам такіх вязьняў набываць чорныя белвэстаўскія чаравікі, якія больш-менш адпавядаюць прынятаму ўзору, і перадаваць іх у калёніі…Цяпер рэкамэндацыі адносна таго, што насіць, замест лекараў даюць турэмныя начальнікі».

Your browser doesn’t support HTML5

Былы зьняволены Сяргей пра турэмную мэдыцыну і абутак



такім кліфце з прасьціны ад турэмнага кутур’е зьявіўся на спатканьне з каханай жонкай асуджаны Андрэй К.

Зразумела, зэкі, асабліва калі маюць падтрымку звонку, навучыліся выкручвацца ў самых розных сытуацыях, — кажуць мае суразмоўцы. Сярод сядзельцаў ёсьць здольныя шаўцы ды краўцы. На прамзоне тую ж робу на зіму вам «клясна» пашыюць зь перададзенай з волі плашчоўкі, а вопратку на лета — з фарбаванай прасьціны. Найчасьцей зэкі замаўляюць трусы-сямейнікі. Каштуюць яны нядорага, шыюцца зь фіранак і выглядаюць экстравагантна: у рамонках, хмарках, сонейках, вясёлках…

Гатовае больш менш якаснае адзеньне для зэкаў можна таксама набыць у краме спэцвопраткі «Стецкевич», што па вуліцы Альшэўскага ў Менску. Чым не турэмная роба «спэцкамплект для сантэхніка» з чорнай плашчоўкі? Журналіст Свабоды прымерыў гэтае адзеньне на сябе.

«Індывідуальны пашыў — усё ж найлепшы варыянт», — адзначаюць многія зэкі.


«Рэчы відавочна раскрадаюцца, і гэтага ніхто не кантралюе»


Валеры Леванеўскі ў «нестатутнай» вопратцы

Гарадзенец Валер Леванеўскі даволі доўга захоўваў сваё турэмнае адзеньне, якое краўцы з калёніі зрабілі яму па індывідуальных мерках незадоўга да вызваленьня, на так званы «дэмбэль»:

«У мяне былі памеры крыху большыя за стандартныя. Маё дэмбэльскае адзеньне не зусім адпавядала статуту. Там быў замок, а павінны быць гузікі. Пашылі ад душы, зносу не было. Выкарыстоўваў вопратку гады два-тры як рабочую. Спачатку турэмны кіцель вельмі прыдаўся дома, бо прысуд быў з канфіскацыяй, калі выйшаў, то быў гол як сакол.

«Свайго адзеньня ў асуджанага быць не павінна, — працягвае Леванеўскі. — ЗК цалкам знаходзіцца на забесьпячэньні дзяржавы. Але практыка паказвае, што часам яно адсутнічае: шкарпэткі тыя ж не выдаваліся ўвогуле. Я думаю, гэта проста раскрадаецца».

Таму нярэдка за калючым дротам чалавеку даводзіцца дбаць пра сябе самому, разьлічваць на свае сілы.

Леванеўскі: «За цыгарэты, за „ўнутраную валюту“, я б сказаў, можна ў турме, на зоне набыць што заўгодна. Новыя чаравікі — калі ласка! Усё мае сваю цану. Пара чаравікаў, чыста ўмоўна, — пяць пачкаў цыгарэт зь фільтрам. Фуфайка новая — дзесяць пачкаў ці дваццаць. Я не курыў, мне цыгарэты дасылалі».

Але трэба быць абачлівым, асьцярожным. За парушэньне формы адзеньня ў калёніі караюць значна горш, чым у войску. Тым жа ШЫЗА. Нават незашпілены гузік ужо лічыцца парушэньнем. Таксама парушэньне формы адзеньня — калі на табе нешта цывільнае, напрыклад, нацельныя рэчы. Яшчэ — калі летам ты бяз кіцеля ці зусім да пояса разьдзеты, — адзначае Леванеўскі.
Здаецца, што не адзін зэк у гэтай шапцы і гэтым ватніку памёр

«Што да самога забесьпячэньня, то многія асуджаныя ходзяць у старым, завэдзганым. Зімовая форма прадугледжвае шапку і ватнік. Вось якраз яны, як правіла, дастаюцца няновыя, „бэушныя“. Здаецца, што не адзін зэк у гэтай шапцы і гэтым ватніку памёр, такі існуе жарт».

Самае галоўнае, мяркуе Леванеўскі, што ніхто не кантралюе, ці цалкам па норме атрымліваюць зьняволеныя адзеньне, і паскардзіцца няма каму. Каб гэта неяк кантралявала грамадзкасьць, або як мае быць гэта рабіла тая ж пракуратура, то праблема магла б быць не такой вострай, кажа былы палітвязень. Але, на жаль, «сыстэма кантралюе сама сябе»:

«Паводле бюджэту ўсё добра праходзіць, сродкаў хапае. Значыць, напрошваецца выснова, што ўсё гэта раскрадаецца ўнутры калёніі. Мне цяжка сказаць, якія там мэханізмы. Але факт, што асабліва на „перасылках“, што тычыцца „першаходаў“, у СІЗА, там вашывасьць — нармальная зьява. Адзеньне правашывела, антысанітарыя. Адзеньне фактычна ня мыецца, не выдаюцца прыналежнасьці — каб яго памыць. Адсутнасьць мыла, гарачай вады…»

Валер Леванеўскі трымае фігурку сябе самога ў турэмным, якую яму зрабілі ў калёніі перад вызваленьнем


Так, у калёніі існуе карантын, там якраз адзеньне праходзіць парылку, санапрацоўку. Але ношанае ёсьць ношанае, выдача новага адзеньня — хутчэй выключэньне, а ня правіла, зазначае Валер Леванеўскі:

«Паводле закону асуджаны павінен атрымаць тры пары шкарпэтак, каб мог іх мяняць. Насамрэч кажуць: адну пару атрымаеш, а другую — праз чатыры месяцы. Тое ж самае з гарнітурам „хэбэ“. Іх належыцца два на два гады. А калі ў асуджанага толькі год — значыць, атрымаеш толькі адзін. А ўва што яму пераадзявацца? А купіць ты ня можаш. Я ня памятаю, каб прадаваліся шкарпэткі альбо трусы. А па-другое, атрымаць з волі ня кожны можа. У большасьці тых, хто сядзіць, у васьмідзесяці працэнтаў, такой магчымасьці няма, яны не атрымліваюць дапамогі з волі».

Жанчыны-асуджаныя праходзяць строем у сталовую ў жылой зоне Гомельскай жаночай калёніі, архіўнае фота


Ня лепшая карціна з так званым «рэчавым забесьпячэньнем» і ў жаночых турмах. Галоўная праблема жаночай вязьніцы — у тым, што яна ў цяперашнім яе выглядзе абсалютна не разьлічаная на жанчын, больш за тое, яна зьдзекуецца з жаночай прыроды, перакананая былая асуджаная Маша.

Your browser doesn’t support HTML5

Пра адзеньне і гігіену ў жаночай турме




«Што такое адэкватнае турэмнае адзеньне?»


«Турэмнае адзеньне вязьня павінна быць адэкватным», — так лічаць у Швэцыі, дзе зьняволеныя павінны насіць выдадзеную ім у бясплатнае карыстаньне адмысловую вопратку. Што маецца на ўвазе пад словам «адэкватнае»? Тое, што такое адзеньне павінна быць сучасным, зручным, экалягічным, якасным і мала чым адрозьнівацца ад адзеньня звычайных грамадзянаў у хатняй абстаноўцы, падчас заняткаў спортам, фізычнай працы ды шпацыраў.

Менавіта такое адзеньне ўбачыла я на зьняволеных швэдзкай турмы Карлскога. Крыміноляг і адказная супрацоўніца швэдзкай пэнітэнцыярнай сыстэмы Анна Сіф-Улафсан расказала:

«Вось вы бачыце тут людзей у такіх шэрых спартовых баваўняных гарнітурах, у красоўках — гэта цёплы варыянт адзеньня на асеньне-веснавы пэрыяд. А зімой, калі яны выходзяць на вуліцу, яны апранаюцца, зразумела, у цяплейшую вопратку ды абутак. Гэта рукавіцы з воўны, курткі, цёплыя шапкі, паўботы. Мы забясьпечваем іх усім неабходным, уключна зь бялізнай, а таксама адзеньнем і абуткам для спартовых трэніровак. Мы не зацікаўленыя ў тым, каб пытаньнем адзеньня займаліся сваякі ды блізкія вязьняў. Бо такім чынам разам зь перадачамі за краты могуць трапіць наркотыкі. Таму мы імкнёмся рабіць усё, каб адзеньне зьняволеных было адпаведным і якасным».

Мода для вязьняў заходніх турмаў: майка Ганібала Лектара



«Турэмная роба абвастрае пачуцьцё ўласнай слабасьці»


«Ня думаю, што турэмная роба пазбаўляе людзей усяго чалавечага, хутчэй яна адымае ў іх індывідуальнасьць. Выдаюць вопратку, якая ніколі не бывае па памеры. Турэмная роба — інструмэнт кантролю. Яна заўсёды нізкай якасьці — а як жа інакш, ты ж злачынец! — А гэта яшчэ больш абвастрае пачуцьцё ўласнай слабасьці». Гэтае меркаваньне належыць былому брытанскаму вязьню Эрвіну Джэймзу. Яго словы цытуе ў сваёй кніжцы «Адзеньне за кратамі: турэмная вопратка як злачыннасьць» (Dress Behind Bars: Prison Clothing as Criminality) выкладчыца гісторыі дызайну і гісторыі ды тэорыі касьцюму ў Каралеўскім каледжы мастацтваў у Лёндане Джуліэт Эш. Дасьледчыца лічыць, што выказваньне колішняга вязьня перадае тое чалавечае прыніжэньне, якое нясе ў сабе ня толькі выгляд турэмнага адзеньня, але і адчуваньне яго на ўласным целе.

Эш піша, што яшчэ ў 1950-я ААН прыняла шэраг міжнародных пагадненьняў, каб аблягчыць пакуты зьняволеных, выкліканыя пагардаю да іхніх патрэбаў. Таксама ААН падрыхтавала шырэйшую праграму абароны правоў чалавека. Самым важным дакумэнтам, які прадугледжваў усе ўмовы ўтрыманьня зьняволеных і, у прыватнасьці, забесьпячэньне іх належным адзеньнем, сталі «Мінімальныя стандартныя правілы абыходжаньня са зьняволенымі». Згодна зь імі, «зьняволеным, якія ня маюць права насіць цывільную адзежу, варта выдаваць камплект абмундзіраваньня, які адпавядае дадзеным клімату і які дазваляе падтрымліваць іх здароўе ў здавальняльным стане. Гэтае адзеньне не павінна ані быць абразьлівым, ані прыніжаць асобу», — адзначае аўтарка кнігі.


«Нічога звышнатуральнага. Толькі цеплыня ды зручнасьць»


Аляксандар Варламаў

Беларускі мадэльер Аляксандар Варламаў правёў за кратамі на «Валадарцы» два гады і сёлета ў ліпені быў вызвалены ў залі суду. Тэму турэмнага адзеньня ён лічыць вельмі важнай, бо яна тычыцца здароўя і жыцьця людзей.

«Вядома, папрацаваць над гэтай тэмай мне б было вельмі цікава, але хто ж мне гэта дазволіць?» — кажа Аляксандар.

Аляксандар узгадвае, як у СІЗА некаторыя ахоўнікі, ведучы яго па калідоры, пыталіся: ты калі нам ужо новую форму зробіш? «Няўжо вам яна не падабаецца?» — пытаўся вязень і ў адказ чуў: «Сам паглядзі!»

Варламаў: «Ну, гляджу: турэмнікі яны і ёсьць турэмнікі. У адзеньні сваім яны ўсе падобныя. Хоць былі сярод іх розныя людзі, у тым ліку і добрыя.

Але форма існуе, і наўрад ці стылістам даручаць яе мяняць… Што да тых, хто сядзіць у СІЗА, то гэта нашмат цікавей. Там усё па-рознаму. Ёсьць тыя, хто належыць да вышэйшых прыступак крымінальнага сьвету і адзяецца ў паўлегальныя брэнды са Ждановічаў… Астатнія ж носяць тое, што маюць. Для адзежы важна, каб яе можна было мыць. Таксама важна, каб яна была цёплая, зручная. Аберагала ад скразьнякоў, ад вільгаці, якая там ёсьць. Нічога звышнатуральнага. Толькі адэкватнасьць».