Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ
19 кастрычніка спаўняецца 25 гадоў з дня ўтварэньня БНФ. Юбілей першай дэмакратычнай партыі Беларусі ў Менску будуць адзначаць на трох імпрэзах. У сядзібе Партыі БНФ а 11 гадзіне адбудзецца юбілейнае пасяджэньне Сойму партыі, а 15 гадзіне там жа пройдзе сьвяточны прыём. А 11-й гадзіне ў іншым месцы зьбяруцца сябры аргкамітэту БНФ, якія былі заснавальнікамі арганізацыі роўна 25 гадоў таму. А Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ правядзе сваё сьвяткаваньне ў Менску ўвечары напярэдадні.
Вызваленьне палітвязьня Паўла Севярынца з турмы. Сустаршыня Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Павал Севярынец быў прысуджаны да 3 гадоў «хіміі» за ўдзел у падзеях 19 сьнежня 2010 году. Пакараньне адбываў у вёсцы Куплін Пружанскага раёну.
У Варшаве пачынаецца ІІІ фэстываль беларускага кіно Bulbamovie 2013.
У Кіеве пачынаецца міжнародны кінафэстываль «Маладосьць», на якім пакажуць каля 250 дакумэнтальных і мастацкіх фільмаў маладых творцаў кінэматографу.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1453 — капітуляцыя ангельцаў у Бардо; канец Стогадовай вайны.
1813 — разгром арміі Напалеона ў «Бітве народаў» каля Ляйпцыгу, што прывяло да вызваленьня Нямеччыны і Галяндыі.
1933 — Нямеччына выступае зь Лігі нацый.
1988 — на сходзе ў Чырвоным касьцёле ў Менску створана аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне». Устаноўчы зьезд адбыўся ў Вільні 24-25 чэрвеня 1989 году.
У гэты дзень нарадзіліся:
1890 — Сяргей Палуян, беларускі літаратуразнаўца. Яму прысьвечаныя паэма «Курган» і верш Янкі Купалы «Памяці С. Палуяна», першы і апошні прыжыцьцёвы зборнік твораў «Вянок» Максіма Багдановіча.
1913 — Вінісіюс дзі Марайс, бразыльскі паэт і аўтар песьняў.
У гэты дзень памерлі:
1745 — Джанатан Сьвіфт, англа-ірляндзкі пісьменьнік-сатырык, публіцыст, паэт і грамадзкі дзяяч.
1937 — Язэп Каранеўскі, дзяржаўны дзяяч, пэдагог, публіцыст, другі рэктар БДУ, правадзейны сябра Інбелкульту, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.
ЦЫТАТЫ НА ПАМЯЦЬ:
«Пішыце коратка і няясна.
Удача ідзе сьледам за вялікім чалавекам.
У Расеі няма дарог — толькі накірункі.
Чужыя глупствы яшчэ нікога не зрабілі разумным».
Напалеон Банапарт