Данчык пра Манро, Тэйлар, Кенэдзі ды іншыя «Гучныя Імёны»

Frank Langella. Dropped Names*

* У назьве (даслоўна - "Кінутыя імёны") выкарыстаная ідыёма "to drop names" - "раскідацца імёнамі, выхваляцца знаёмствам зь вядомымі людзьмі, ужываць гучныя імёны".

Кажуць, што біялёгія вызначае лёс.

Падаецца, што сама зьнешнасьць аўтара кнігі ўспамінаў Dropped Names, выдатнага амэрыканскага актора Фрэнка Ланджэлы (Frank Langella), падказала яму прафэсію. (У 1979 годзе малады Ланджэла быў ня столькі страшным, колькі эратычным Графам «Дракулам» у аднайменным фільме.) То бок, мабыць ня суджана было такому прыгажуну стаць батанікам. Падазраю таксама што тая самая зьнешнасьць адыграла й немалую ролю ў ягоным прынамсі першапачатковым доступе у салёны (а часамі і ў спальні) некаторых знакамітасьцяў аб якіх ён піша ў гэтых пікантных, своеасаблівых мэмуарах.

Своеасаблівых — таму што, пішучы пра іншых, аўтар раскрывае глыбінную праўду і пра самога сябе: Усе знакамітасьці — акторы, пісьменьнікі або палітыкі — магчыма сталі такімі таму, што яны ад прыроды нарцысісты, якім трэба, каб у іхні бок была накіраваная ўся ўвага.

«Вушы драматурга Артура Мілера», напрыклад, «былі глухія да ўсяго акрамя хвалы,» згадвае аўтар.

Або «у вуснах актора Юла Брынэра займеньнік я зьяўляўся часьцей, чым усе іншыя словы.»

Ці — «малому фізычнаму росту настаўніка Лі Страсбэрга супрацьстаялі толькі вышыня ягонага ego і крайняя ступень ягонай арагантнасьці.»

Вось такія «вілы» ўсаджвае Ланджэла у бок тром з шасьцідзесяці шасьці знакамітасьцяў, усіх ужо памерлых, зь якімі скрыжоўваўся ягоны шлях на працягу 50-гадовай акторскай кар’еры. Некаторым дастаецца большая доза атруты чым іншым, але агулам, характарыстыкі ўсіх асобаў падаюцца з гумарам, сымпатыяй, і псыхалягічным разуменьнем — хоць, як падкрэсьлівае аўтар, разуменьнем чыста суб’ектыўным.

У жыцьці актора былі знаёмствы з такімі «гучнымі» імёнамі якімі сапраўды можна было «павыхваляцца.» Тут і Джон Ф. Кенэдзі, і Ноэл Каўард, каралева Лізавета-старэйшая і Пол Ньюман, Ўільям Стайран і Элія Казан, Стэла Адлер, Кэры Грант, прынцэса Дыяна ды многія іншыя.

Вось некаторыя моманты кніжкі, якія мяне асабліва ўразілі.



Гламурная ўдава ня толькі амэрыканскага прэзыдэнта але пазьней і грэцкага мільярдэра — Джэклін Кенэдзі-Анасіс — была найбольш фатаграфаванай жанчынай сваёй эпохі. Разам з тым, Джэклін была надзвычай таямнічай і дыскрэтнай фігурай і амаль ніколі не задавальняла просьбы журналістаў даць інтэрвію. Як дае зразумець Ланджэла, нават у сяброўстве яна заўсёды трымала пэўную адлегласьць, як фізычную, так і псыхалягічную.

Аднойчы Ланджэла, не падумаўшы, учыніў, як ён піша, вялікае глупства у адносінах да сваёй славутай сяброўкі.

Пара дрэмле на вэрандзе вілы на карыбскім востраве Антыгуа. Ланджэла прачынаецца, ціхенька падкрадаецца да сяброўкі і забаўна выгукае ёй ў вуха «Буууу!!»

Джэклін вылецела як куля зь лежака і голасна закрычала. Зьнянацку на вачах выступілі сьлёзы. Замест сьмеху, які спадзяваўся выклікаць Ланджэла, між імі ўзьнікла раптоўнае, некамфортнае напружаньне. «Яна ні слова не сказала, нават на мяне не паглядзела, уся яе энэргія была нібы сканцэнтраваная на тое, каб узяць сябе пад кантроль і супакоіць пярэпалах, які я, не падумаўшы, узбудзіў...»

(Ці варта нагадваць чытачу, што ў гэтым выпадку сяброўкай аўтара была тая самая жанчына, якая зь дзясятак гадоў раней сядзела каля мужа-прэзыдэнта ў адкрытай машыне у Даласе, калі ў яе ў вушах прагучаў стрэл. Стрэл, які для яе магчыма і быў падобны на тое «Буууу.»)

*


Адносіны паміж тады 24-гадовым Ланджэлам і надзвычай таленавітым але псыхалягічна неўраўнаважаным амэрыканскім кінаакторам Монтгамэры Кліфтам былі ў нейкім родзе інтымныя.

Ньюёркская кватэра Кліфта мясьцілася непадалёк ад Ланджэлавай. Некалькі разоў, вяртаючыся позна вечарам дамоў, Ланджэла сустракаў скручанага, п’янага да непрытомнасьці бамжа, які валяўся на вуліцы, і пазнаваў у ягонай фізіяноміі сьляды колішняй прыгажосьці. Ланджэла падымаў вялае цела Кліфта і давозіў да хаты, аддаючы ў рукі швэйцару. Хоць ад патэнцыйнага настаўніка акторскага майстэрства ён ніколі не пачуў ніводнага слова, Ланджэла піша, што тым ня менш атрымаў ад Монтгамэры Кліфта важную жыцьцёвую навуку...

(Монтгамэры Кліфт памёр ад інфаркту сэрца ў веку 45 гадоў, праз два гады пасьля згаданага эпізоду.)

*


Бадай самыя яркія успаміны Фрэнка Ланджэлы зьвязаныя з чатырма галівудзкімі артысткамі, кожная зь якіх стала «багіняй» амэрыканскага кіно мінулага стагодзьдзя: Мэрылін Манро, Рытай Гэйварт, Бэты Дэйвіс і Элізабэт Тэйлар.

Нешта невымоўнае цягнула тады яшчэ 15-гадовага аўтара з маленькага мястэчка ў штаце Нью Джэрзі ў суседні, поўны бляску Нью Ёрк. Ён сядае ў аўтобус і блукае па вуліцах тэатральнага раёну Таймс Сквэр. Раптам каля юнака спыняецца даўжэзны чорны лімузын. Кіроўца вылазіць, абыходзіць кругом, адной рукой спыняе хлопца, а другой адчыняе заднія дзьверы машыны. Сэрца ў юнака калоціцца. «Зь цемры зьяўляецца твар ашаламляльнай прыгажосьці, залацістыя валасы лашчаць беленькі каўнерык зь лісінага футра. На руках, на вушах, на шыі бліскучыя дыямэнты. Яна павярнулася направа і ўбачыла мяне. Усьмешка, як промень сонца. „Здароў“ — шапнула яна». Адна сэкунда — і відовішча зьнікае у блісканьні ўспышак фатографаў. Неймаверна выпадковая сустрэча з Мэрылін Манро адкрывае Ланджэлу прычыну ягонай невымоўнай прагі менавіта да гэтага месца, дзе сьвятло й афішы... «Яна, — піша аўтар, — была маёй першай».

*


Элегічную танальнасьць мае разьдзел кнігі, прысьвечаны раману Фрэнка Ланджэлы з артысткай Рытай Гэйварт. Пара пазнаёмілася ў 1972 годзе падчас здымкаў фільму, у якім Гэйварт грала ролю Ланджэлавай маці (паміж каханкамі была 20-гадовая розьніца). Ужо тады ў артысткі пачыналіся сур’ёзныя праблемы з памяцьцю. Кругом усе падсьмейваліся, лічылі, што яна няздольная запомніць словы сцэнару таму, што яна алькагалічка. Але праблема была іншая — Рыта Гэйварт была адной зь першых сусьветна вядомых людзей, якая стала ахвярай тады яшчэ малавядомай хваробы Альцгаймэра.

«Я не хацеў ды зрэшты і ня мог яе ўратаваць, — піша Ланджэла. — Адно, што я мог зрабіць — гэта абняць і прытуліць асобу, якая даўно перастала быць тым, кім некалі была — кіназоркай, прынцэсай, багіняй. Цяпер, у цемры нашага інтыму заставалася толькі мужная і далікатная 54-гадовая жанчына, якая трымалася моцна-моцна за плячо мужчыны, імя чыё яна не магла прыпомніць...»

*


Зьлюка.

Калі аднойчы ў вядомай сваім запальчывым, халерычным тэмпэрамэнтам артысткі Бэты Дэйвіс запыталіся, што патрабуецца для таго, каб мець пасьпяховую кар’еру ў Галівудзе, выканальніца дзясяткаў незабыўных роляў і ляўрэатка двух Оскараў сказала, што галоўная неабходная якасьць — гэта «мець сьмеласьць быць ненавіджанай».

Быў час, што захопленая Фрэнкам Ланджэлам Дэйвіс званіла і доўга гутарыла-фліртавала зь ім — але толькі па тэлефоне. Спатканьне адбылося толькі на шмат гадоў пазьней, калі Ланджэла выпадкова ўбачыў экстравагантна апранутую бабульку зь вялізнымі пазнавальнымі вачыма. Дэйвіс адправіла служку шукаць таксі, а сама ўселася ў фатэль у лобі гатэлю ў Лос Анджэласе.

Актор асьцярожна падкрадаецца і пытаецца: «Міс Дэйвіс?»

«Так», — прашыпела яна з-пад вялізнага капелюша.

«Я проста хацеў сказаць, што я лічу Вас самай вялікай кінаакторкай ХХ стагодзьдзя».

«Дзякуй», — гыркнула яна ў адказ.

У апошні момант, актор адважваецца дадаць: «Міс Дэйвіс, гэта ж я, Фрэнк. Фрэнк Ланджэла».

Павярнуўшыся ўпершыню ў ягоны бок і паглядзеўшы проста ў вочы, Дэйвіс ледзь ня выплюнула наступныя словы: «Я сказала: Дзякуй!» і адразу адвярнулася, канчаткова сьціснуўшы вусны.

Халоднасьць і агрэсіўнасьць ейнага тону былі нагэтулькі непрыхаванымі, што Ланджэла адразу адступіў, з пачуцьцём прыніжэньня, як ён піша, але таксама і смутку.

«Яшчэ 10 хвілінаў яна сядзела, курыла й чакала. Нехта завязе яе дадому, разьдзене, хутчэй ўсяго прапануе дрынк альбо нейкую пігулачку, і пакладзе ў ложак. І так, — падумаў аўтар, — вялікая, заслужаная артыстка, дажывае жыцьцё ў самотнасьці, з дапамогай платнага кампаньёна, і сыдзе ў магілу, упарта сьцьвярджаючы сваю сьмеласьць быць ненавіджанай».

*


Чытаючы разьдзел пра знаёмства Ланджэлы з прыгажуняй 60-тых Элізабэт Тэйлар, можна зразумець, што паміж імі было больш чым сяброўства. Аднак партрэт Тэйлар, зь якой Ланджэла пазнаёміўся ў 2001 годзе, так як і партрэт Дэйвіс, выклікае смутак. Паводле аўтара, Элізабэт Тэйлар была самаўпэўненая, ненасытная, арагантная, шчырая, вульгарная, зацікаўленая, сьмешная, рамантычная, сьмелая. Але ў рэшце рэшт, падсумоўвае Ланджэла, атрыстка, якая ажно восем разоў была замужам, заставалася самотная і няздольная да глыбокага самааналізу.

«Амаль ніхто мяне ніколі нікуды не запрашае, — прызналася Тэйлар свайму „анёлку“ Ланджэлу. — Усе думаюць, што я занятая».

Ня першы мужчына, які быў зачараваны легендарнаю красою артысткі, Ланджэла піша што «ейныя фіялетавага-колеру вочы, разьмешчаныя на фоне такога прыгожага твару, былі нагэтулькі магічнымі, што на працягу дзесяцігодзьдзяў, зачароўвалі ўвесь сьвет». Аднак да гэтай ацэнкі актор дадае такі сумны постскрыптум: «Магчыма, таму й ня дзіва, што гэтыя вочы ніколі не знайшлі магчымасьць зазірнуць у сярэдзіну».

Затое ва ўнутранае жыцьцё Тэйлар і 65 іншых асобаў з «гучнымі імёнамі» зазірнуў у сваёй яскравай кнізе мэмуараў Dropped Names амэрыканскі актор Фрэнк Ланджэла.