Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ
Каму трэба беларуская літаратура за мяжой? Хто яе чытае? Якія тэмы цікавяць замежнікаў? Як папулярызаваць беларускую прозу і паэзію ў Еўропе? У імпрэзе «Беларуская літаратура на парозе сусьветнага прызнаньня», прысвечанай гэтым тэмам, бяруць удзел: Артур Клінаў, Наталка Бабіна, Валянцін Акудовіч і Павал Касцюкевіч — каардынатар міжнародных праектаў выдавецтва «Логвінаў» Мадэратар — Альгерд Бахарэвіч. Кнігарня «логвінаЎ» (Менск, Незалежнасьці 37а). Пачатак а 19.00.
У Люксэмбургу адбываецца пасяджэньне Рады замежных справаў Эўразьвязу.
18 кастрычніка — Дзень незалежнасьці Азэрбайджану.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1867 — Аляска ад Расеі перайшла да Злучаных Штатаў Амэрыкі.
1918 — Чэхаславаччына абвясьціла незалежнасьць ад Аўстра-Вугоршчыны.
1920 — скончыліся ваенныя дзеяньні паміж Польскім войскам і Чырвонай арміяй.
1922 — заснавана брытанская карпарацыя ВВС.
У гэты дзень нарадзіліся:
1523 — Ганна Ягелонка, каралева польская і вялікая княгіня літоўская у 1575-1596 (пам.1596).
1897 — Ян Булгак, вядомы беларускі і польскі фатограф, які значную частку сваіх працаў прысьвяціў Наваградчыне і Вільні. Удзельнічаў у 174 міжнародных выставах. Напісаў шмат працаў па тэхніцы і эстэтыцы фатаграфіі, а таксама па краязнаўчай фатаграфіі. Фатаздымкі Я. Булгака зьберагаюцца ў архівах і бібліятэках Вільні і Варшавы. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі таксама захоўваецца невялікая калекцыя працаў фотамастака.
1947 — Юры Хашчавацкі, беларускі кінарэжысэр.
У гэты дзень памерлі:
1893 — Шарль Франсуа Гуно, які лічыцца найвялікшым францускім кампазытарам ХІХ стагодзьдзя. Гуно быў заснавальнікам новага жанру ў францускім опэрным мастацтве — лірычнай опэры. Яго найлепшы твор — опэра «Фаўст» (1859), у якой кампазытар адмовіўся ад філязофскай праблематыкі літаратурнай крыніцы (аднайменнай трагедыі Гётэ) і зрабіў акцэнт на любоўную драму гераіні. Ён інтанацыйна абнавіў опеэру, зьвярнуўшыся да мелядычнага строю тагачаснага бытавога рамансу.
1931 — Томас Эдысан, амэрыканскі вынаходнік.
1991 — Пятро Бітэль, беларускі настаўнік, пісьменнік і перакладчык. Пераклаў на беларускую мову творы А. Міцкевіча («Пан Тадэвуш», «Конрад Валенрод», «Гражына», «Дзяды», «Крымскія санеты»), польскамоўныя паэмы і п’есы В. Дуніна-Марцінкевіча, аповесьць Ю. І. Крашэўскага «Хата за вёскай», паасобныя творы М. Канапніцкай, Б. Пруса, Ю. Славацкага, Г. Сянкевіча, М. Лермантава, А. Пушкіна, І. Франко, Т. Шаўчэнкі, Б. Брэхта, Ё. В. Гётэ, Ф. Шылера і інш. Рукапіс перакладу паэмы «Пан Тадэвуш», зроблены ў савецкім лягеры на паперы зь мяшкоў з-пад цэмэнту, захоўваецца ў Музэі гісторыі беларускай літаратуры.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
«Літва! Ты, як здароўе ў нас, мая Айчына!..
Што варта ты, ацэніць той належным чынам,
Хто цябе ўтраціў. Вось красу тваю жывую
Зноў бачу і апісваю, бо скрозь сумую.»
Пачатак паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча ў перакладзе Пятра Бітэля