Падазраванага ў забойстве ў Бірулёве затрымалі

Кадр з камэры назіраньня, на якім падазраваны ў забойстве

Падазраваны ў забойстве жыхара Масквы Ягора Шчарбакова грамадзянін Азэрбайджану Архан Зэйналаў затрыманы ў падмаскоўнай Каломне, паведаміў прэсавы цэнтар расейскага Міністэрства ўнутраных справаў.
Як паведамляе Бі-бі-сі, раней Міністэрства ўнутраных справаў Азэрбайджану абвергла заяву начальніка паліцыі Масквы, што Зэйналаў нібыта знаходзіўся ў вышуку ў сябе на радзіме за забойства.

У нядзелю некалькі соцень людзей у маскоўскім раёне Бірулёва зладзілі акцыю пратэсту, якая перарасла ў сутычкі з паліцыяй.

Удзельнікі акцыі патрабавалі знайсьці забойцаў 25-гадовага Ягора Шчарбакова, заколатага нажом у ноч на чацьвер на вачах у яго дзяўчыны ў Заходнім Бірулёве.

Мірны сход перарос у беспарадкі: некалькі маладых людзей пачалі біць вітрыны гандлёвага цэнтру «Біруза» і закідваць яго дымавымі шашкамі.