Адам Глобус прэзэнтуе эратычныя гісторыі

Адам Глобус

15 кастрычніка Адам Глобус запрашае ў кнігарню «логвінаЎ» адзначыць свае народзіны і народзіны новай кнігі «Казкі пра дарослых».
«Гэта кніга вясёлых эратычных гісторый. Я вырашыў пазначыць, што гэта кніга пра дарослых, каб не было такога, што, пабачыўшы слова „казкі“, усе б думалі, што гэтую кнігу дзецям трэба даваць. Дык вось каб не давалі дзецям адразу. Каб спачатку самі прачыталі», — патлумачыў Адам Глобус у інтэрвію Радыё Свабода.

Самая кароткая казка з новай кнігі:

— Заяц!

Цішыня.

— Заяц!

Цішыня.

— Заяц!

— Што, воўк?

— Ты мяне хочаш?


На прэзэнтацыі эратычныя гісторыі ад Адама Глобуса будуць чытаць акторы Купалаўскага тэатру Ігар Дзянісаў і Сучаснага Мастацкага тэатру Іна Каляда.

Пачатак імпрэзы а 19-й у кнігарні «логвінаЎ» (пр. Незалежнасьці, 37а)

Пісьменьнік і выдавец Адам Глобус — нарадзіўся ў Койданаве ў 1958 годзе. Скончыў Акадэмію мастацтваў, працаваў рэстаўратарам, журналістам, цяпер — выдавец. Аўтар паэтычных зборнікаў «Парк» і «Скрыжаваньне», а таксама аўтар празаічных кніжак «Адзінота на стадыёне», «Толькі не гавары маёй маме», «Дамавікамэрон» ды іншых. Перакладзены на 20 моваў, у тым ліку на ангельскую, нямецкую і чачэнскую.