У Калінінградзе ня хочуць стаць «беларускай Аляскай»

У Калінінградзкай вобласьці Расеі адрэагавалі на ідэю Лукашэнкі аб далучэньні рэгіёна да Беларусі.
Інтэрнэт-партал «НИА Калининград» піша, што агучаная Аляксандрам Лукашэнкам ідэя аб тым, каб «забраць» рэгіён у Беларусь для разьвіцьця сельскагаспадарчага бізнэсу, «ускалыхнула грамадзкасьць Калінінградзкай вобласьці».

Пры гэтым меркаваньні выказваюцца розныя.

Дэпутат Калінінградзкай абласной Думы Канстанцін Дарашок у прыватнасьці заявіў:

«У цэлым я б адрэагаваў станоўча — любыя інвэстыцыі ў Калінінградзкую вобласьць, у Расею, якія даюць магчымасьць атрымаць дадатковыя працоўныя месцы і павялічыць ўзровень вытворчасьці, паўплывалі б толькі станоўча на эканоміку рэгіёну, пры ўмове, каб плацілі падаткі ў мясцовы бюджэт».


Іншы дэпутат абласной Думы Аляксандр Веташкін пярэчыць такой пазыцыі:

«У мяне такая просьба аднаго прэзыдэнта да іншага нічога акрамя ўсьмешкі не выклікае. Скажыце, дзе гэта бачана, каб адна дзяржава аддавала сваю зямлю іншай? Асабліва такую тэрыторыю, якой зьяўляецца Калінінградзкая вобласьць. Бо гэта ж фарпост Расеі на Балтыцы. Нават калі перадаць частку сельгасугодзьдзяў у эканамічную арэнду, то для гэтага павінны быць прынятыя і палітычныя рашэньні. Дарэчы, у Расеі ўжо маецца горкі вопыт перадачы ў эканамічную арэнду Аляскі. Чым гэтая арэнда скончылася, усім вядома.

Хоць жаданьне беларускага прэзыдэнта цалкам зразумелае і вытлумачальнае. Яму патрэбен выхад да мора, каб актыўна разьвіваць гандаль. І за гэта ён гатовы разараць нашы землі, пабудаваць жывёлагадоўчыя і малочныя комплексы. Трэба прызнаць, у беларусаў гэта добра атрымліваецца. Вось і давайце запросім іх спэцыялістаў, будзем пераймаць перадавы вопыт».

Шараговыя грамадзяне Калінінградзкай вобласьці пакуль ніяк не адрэагавалі на прапанову Лукашэнкі, піша калінінградзкі інтэрнэт-рэсурс.