З вышыні берагоў Дняпра можна гадзінамі любавацца веліччу яго плыні. Маштаб нагадвае нябёсы на зямлі. Кадр становіцца яшчэ больш эфектным, калі ў яго трапляюць дзяўчаты з лабрадорам, якія шпацыруюць па беразе... (тут і далей аўтарскія подпісы пад здымкамі)
Вядомы сімвал Дао — сімвал жыцьцёвага шляху, які спалучае жаночы і мужчынскі пачатак. Аднойчы я разгледзеў яго на Аршаншчыне. Утварыўся ён з вады і раскі дзякуючы намаганьням ветру. Зь зямлі яго разгледзець было б немагчыма. Ды і сама малюткая азярынка Чырвонае Вочка схаваная ў непраходным балоце сярод лесу.
Вобраз асілка-дуба — самы запамінальны з маіх палескіх вандровак. Гэты прыгажун стаіць у абалоні Прыпяці больш за кіламетр ад рэчышча. Кадр зроблены 10 траўня, ужо цалкам раскрылася лістота, а паводка ўсё яшчэ пакрывае зямлю. На ствале нібы накрэсьленыя палоскі — меткі, якія пакінула вада. Па іх бачна, які высокі быў і як паніжаўся ўзровень паводкі.
Рыцарскі фэст у Мсьціславе быў насычаны падзеямі. Бойкі на мячах, штурм цытадэлі, народныя рамёствы... Усё гэта пад адкрытым небам на сьпёцы ў 34 градусы. Вечарэла, і пачаліся танцы. Пад музыку гурта «Стары Ольса» дзяўчаты і хлопцы рушылі ў карагод, што ахапіў усіх прысутных. Карагод віраваў і віраваў. Вечаровая духата і моцнае пачуцьцё смагі адольвалі мяне. Раптам я заўважыў вочы, позірк якіх падаўся мне падобным на дзьве крынічкі. Іх чысьціня, пералівы і зіхаценьне напоўнілі душу прахалодай. Праз гадзіну мы былі знаёмыя з Машай. Ганак хаты, дарэчна пафарбаванай у сіні, стаў выдатным фонам...
Дзе гэта? У якой экзатычнай краіне? Насамрэч фота зроблена ў Шумілінскім раёне. Вечаровае сьвятло і нечаканы ракурс зрабілі нічым не адметнае возера Доўгае ашаламляльна прыгожым. А мясцовы рыбак у чоўне сярод гарлачыкаў — больш падобны да індзейца ў каноэ на фоне лістоў лотасу.
Варта жыць дзеля такога відовішча! Мружу вочы ад неверагоднага хараства і ад сонца. Дзьве ракі — Каспля і Дзьвіна зьліваюцца ў мястэчку Сураж. Як па вадзе, плыву па-над імі. Зрэдку спрабую датыкнуцца да клубоў туману, каб пераканацца ў рэальнасьці.
Адлюстраваньне ў крынічнай вадзе абракальных крыжоў выглядае як мроя. Нібы жывыя істоты паглядаюць з глыбіні. Мне прыгадаліся легенды пра ўзнiкненьне крынiц, у аснове якiх ляжыць сюжэт пра маладую, прыгожую, цнатлiвую дзяўчыну, што не пажадала выйсцi замуж за нялюбага i правалiлася скрозь зямлю. Пасьля гэтага зь зямлі пачыналі бiць жыватворныя «сьлёзы». Вёска Будзішча Чачэрскага раёна, эксьпедыцыя 14 жніўня 2007 года.