Футбалісту адключылі ваду і электрычнасьць за галы

Матч таджыцкага чэмпіянату

Таджыцкі футбаліст абвінаваціў улады гораду Курган-Цюбэ ў тым, што яны адключылі ваду і электрычнасьць ў ягоным доме пасьля таго, як ён забіў два галы мясцовай камандзе.
Зорка таджыцкага чэмпіянату Ахтам Хамракулаў вырас у Курган-Цюбэ і гуляў за тамтэйшую каманду «Вахш», але два гады таму ён перайшоў у клюб «Рэгар-ТадАЗ» з суседняга гораду. Пры гэтым ён дагэтуль жыве з бацькамі ў Курган-Цюбэ.

Хамракулаў кажа, што калі ён прыйшоў дадому празь некалькі гадзінаў пасьля паўфіналу кубка Таджыкістану, у якім ён забіў два галы, яго ўжо чакалі прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі і камунальных службаў. Яны абвясьцілі, што Хамракулаў мае даўгі за ваду і электрычнасьць за некалькі месяцаў на агульную суму каля 600 даляраў.

Паводле Хамракулава, ён заўсёды плаціў своечасова і нават меў дома адпаведныя квітанцыі. Таму ён адмовіўся плаціць, і тады яму перакрылі ваду і адключылі электрычнасьць, апячатаўшы лічыльнікі.

Прадстаўнік гарадзкой адміністрацыі Мірзо Ашураў пацьвердзіў гэты факт, але заявіў, што прычына была толькі ў няплаце, сказаўшы: «Я нават ня ведаю, хто такі Хамракулаў і за якую каманду ён гуляе».

Хамракулаў кажа, што яму зноўку ўключылі ваду і электрычнасьць толькі недзе на пяты дзень, калі ён паскардзіўся кіраўніку Таджыцкай футбольнай фэдэрацыі, Рустаму Эмамалі – сыну цяперашняга прэзыдэнта Таджыкістану Эмамалі Рахмона.

Магчыма невыпадкова, што дапамога ад Рахмона прыйшла адразу пасьля таго, як «Рэгар-ТадАЗ» прайграў у фінале кубка Таджыкістану камандзе «Ісьціклол», заснавальнікам якой зьяўляецца сын прэзыдэнта.