Гэты яўрэй

«К чорту здраднікаў!» — прабурчаў вайсковы міністар. — «У сэнсе, на Чортаву выспу іх...» Туды, у Францускую Гвіяну, на кавалак зямлі з такім гіблым кліматам, што вязьні адразу ж падхоплівалі там ліхаманку і ў выніку сотнямі гінулі ў непраходных джунглях, і адправілі Альфрэда Дрэйфуса, былога капітана, а цяпер — асуджанага злачынцу.

І ўсё было нібыта правільна, усё законна, усё паводле пастановы суду... Але нешта ў скончаным нядаўна працэсе не давала спакою добрай палове французаў. І пакуль другая добрая палова мірна спала, першая крычала пра несправядлівасьць і судовую памылку. «Ды ну вас, — адмахвалася першая. — А што яшчэ мусіць чакаць шпіёна і здрадніка Радзімы? Круасаны з фандзю?»

Даходзіла да бойкі, да вырваных валасоў і нават дуэляў. Справа Дрэйфуса падзяліла Францыю, нібы яна прайграла вайну.

Ён быў арыштаваны 15 кастрычніка 1894 году. Яго выклікалі ў генэральны штаб па надуманай прычыне і абвінавацілі ў перадачы немцам сакрэтных дакумэнтаў. Потым высьветліцца, што дакумэнты перадаў іншы чалавек, адзін з тых, хто асабліва гучна пераконваў усіх у вінаватасьці Дрэйфуса. А яшчэ высьветліцца, што шмат якія паперы, якія быццам бы даводзілі вінаватасьць «гэтага яўрэя», падробленыя. А яшчэ — што антысэмітаў у Францыі больш, чым салдатаў. Але на лаве падсудных апынецца ня толькі «гэты яўрэй». Туды, зь лёгкай рукі Эміля Заля, будзе выпраўленае францускае правасудзьдзе і вайсковае міністэрства. «Я абвінавачваю» — так будзе называцца яго артыкул, пададзены ў друку як ліст прэзыдэнту Рэспублікі. Капітан Дрэйфус мусіць быць апраўданы. І кропка.

Ды была і трэцяя партыя. Самая страшная. «Надакучылі вы ўжо са сваім Дрэйфусам... — казалі яны, пазяхаючы. — Якая розьніца, вінаваты гэты яўрэй або не. Дайце нам жыць і працаваць спакойна. Як падурнелі ўсе! Мы ня верым нікому і нам усё роўна, хто там каму пісаў і да якога чорта паехаў».

Цікава, што да экспэртызы па спраўджваньні почырку Дрэйфуса на ганебных цыдулках немцам быў прыцягнуты ў ліку іншых спэцыялістаў сам Альфонс Бэртыльён, заснавальнік і культавая фігура францускай крыміналістыкі і вынаходнік бэртыльянажу. Варта ведаць крыху пра ганарлівасьць і самаўпэўненасьць Бэртыльёна, каб зразумець, што ў гэтым выпадку ён быў не найлепшай кандыдатурай. Скажам больш, ён нават ня быў графолягам. «Вядома, гэта почырк Дрэйфуса!» — сказаў Бэртыльён у сваёй заўсёднай раздражнёнай манеры і пайшоў абедаць. Меркаваньні астатніх экспэртаў падзяліліся. У выніку «гэты яўрэй» быў прызнаны аўтарам лістоў...