Яна яшчэ вернецца

Ад дэпрэсіі прыдумана шмат сродкаў — і, напэўна, самым дзейсным зь іх ёсьць згон самалёта. Дапамагае таксама ад паніжанага ціску і праблемаў са стулам. Прынамсі, такія злачынствы зрабіліся настолькі папулярныя, што пра іх ужо і слухаць нецікава. А яшчэ самалёт можна сагнаць, каб даведацца ўсю праўду пра будучыню.

Менавіта так зрабіў адзін тэрарыст, які ў 1981-м прымусіў адхіліцца ад маршруту і сесьці ў Францыі цэлы брытанскі авіялайнэр. Згоншчык не патрабаваў ні наркотыкаў, ні грошай, ні свабоды зьняволеным паплечнікам, ні перамогі ўлюбёнага клюбу ў Кубку чэмпіёнаў. Ён нават піва не папрасіў. Ён проста паабяцаў разьнесьці ні ў чым не вінаватую машыну ўшчэнт, разам з пасажырамі, калі Папа Рымскі не прызнаецца яму, у чым было трэцяе прароцтва Фатымы.

Папа не прызнаўся, ён умеў захоўваць ваенную тайну. Тэрарыст расплакаўся і здаўся паліцыі.

Зноў гэтая Фатыма... Калі Агджа страляў у Папу на плошчы сьвятога Пётры, Ян Павел якраз нахіліўся, каб разглядзець мэдальён на шыі адной дзяўчынкі — гэта ўратавала яму жыцьцё. З таго мэдальёна на яго глядзелі тры пастушкі — тыя самыя, перад якімі ў Фатыме ў 1917 зьявілася Маці Божая і расказала на чыстай партугальскай мове, што хутка яны будуць пакутаваць па-даросламу, так што хай паболей моляцца. А яна, маўляў, будзе прыходзіць на гэтае месца кожны дзень трынаццатага — нават калі гэта будзе пятніца. Але баяцца яе ня трэба.

Правільна, чаго тут баяцца: падумаеш, Маці Божая зь нябёсаў спусьцілася. «Куды ж вы, дзеткі?» — крыкнула ім усьлед нябесная госьця. Давялося вяртаць малых сілаю сьвятога духу. Дзяўчаты, Жасінта і Лусія, гаварылі з Багародзіцай, а хлопчык Франсішку гэтым часам нічога ня чуў і нікога ня бачыў, стаяў і галаву сабе чухаў. Адно слова — мужык.

Празь месяц Багародзіцу пад Фатымай сустракала ўжо больш за паўсотні чалавек. А яшчэ праз два — ужо васямнаццаць тысяч. У верасьні каля трыццаці тысяч гледачоў сабраліся пад Фатымай, каб паназіраць за цудам. Праўда, перад дарослымі Багародзіца не паказвалася, гаворачы зь дзецьмі па мэнтальным мабільніку і абмяжоўваючыся візуальнымі эфэктамі. Найлепшы зь іх, з 3D і іншымі наваротамі, яна прыберагла на 13 кастрычніка 1917-га. У гэты дзень над Фатымай сонца вытварала такое, што магло атрымаць званьне народнага артыста Партугальскай ССР. Копэрфілд бы пазайздросьціў. Але ён тады яшчэ не нарадзіўся.

Што да Папы, то на тое-сёе ён усё ж пасьпеў намякнуць. Але лепей нам гэтага ня ведаць. І наагул меней думаць і болей маліцца. І пажадана па-партугальску.