Суд у цемры

Кіяўлянін Мэнахем Мэндэль Бэйліс ня меў цьвёрдага алібі, затое меў тое, што на судовым жаргоне завецца «Вялікай Абцяжарваючай Акалічнасьцю» — ён быў яўрэй.

«А такі чалавек харошы, — цмокалі языкамі суседзі. — Вось жа не пашанцавала...» І што з таго, што прыказчык Бэйліс працаваў у суботы, не пераймаўся асабліва рэлігіяй і аддаў сына ў расейскую гімназію. Яўрэй — значыць яўрэй, значыць, раніцай намазвае тосты сьвежай крывёю хрысьціянскіх немаўлятаў і запівае малаком з расейскіх валасатых грудзей. А тосты са скарыначкай, а кровушка капае... Кап-кап-кап. Ну, ня могуць яны інакш, пераконвалі адзін аднаго кіеўскія жыхары, прырода ў іх такая. А паколькі спэцыялізаванай крамы, дзе б прадавалася кроў хрысьціянскіх немаўлятаў, у Кіеве на той час не было, дзе Бэйліс і ягоныя суродзічы маглі яшчэ яе ўзяць?..

Ясная рэч, выцадзіўшы зь якога-небудзь маладога праваслаўнага цела.

У сакавіку 1911 году ў адной зь пячораў у прадмесьці Кіева мальцы, якія гулялі там у Ната Пінкертона, адшукалі труп дванаццацігадовага сэмінарыста Андрэя Юшчынскага. На целе было сорак сем колатых ранаў. Сьледзтвам, пасьля нядоўгіх сумневаў, быў абраны самы дэдуктыўны з мэтадаў: Бэйліс ведаў Юшчынскага, Бэйліс яўрэй, яўрэі п’юць хрысьціянскую кроў — значыць, забойцам быў Бэйліс. Элемэнтарна, Ўотсан.

Бэйліса ўратаваў цуд. Справа нечакана набыла міжнародны рэзананс — то там, то сям загучалі галасы, ня самыя апошнія сярод галасоў, якія маглі на нешта паўплываць, з патрабаваньнем аб’ектыўнасьці. Працэс над Бэйлісам пакрысе рассыпаўся — «як картачны дамок», так кажуць у гэткіх выпадках, але на карце стаяў прэстыж царскай юстыцыі. Якая рэдка прызнае сваю паразу — значна радзей, чым тыя паразы здараюцца. Справу Бэйліса маглі б проста замоўчаць — і ніякія сумленныя юрысты, адвакаты, журналісты і проста людзі, якія не чытаюць «ісьцінна духоўнай» літаратуры, ніколі б не даведаліся ні пра якага кіеўскага яўрэя і не падняліся б у яго абарону. Згніў бы дзе-небудзь — і з канцамі.

А яшчэ Бэйліса ўратаваў час. Адбылася б гісторыя ўсяго гадоў на трыццаць раней — і мала каму прыйшло б у галаву, што на гэтым кіеўскім судзілішчы нешта ня так. А яшчэ выдае на тое, што абвінавачаньне ў працэсе над Бэйлісам пагубілі акурат тыя, хто ўсёй душой быў на баку абвінаваўцы і жадаў толькі аднаго — расправы над ненавісным «жыдом». Яны былі занадта ўпэўненыя ў сваёй перамозе і відавочна пераацанілі праславутую «цемнату народную»... Занадта верылі ў дурату і расізм прысяжных. Недаацанілі значэньне мэдыяў — а іх эпоха ўжо надышла.

Гэты працэс называлі сьмеху вартым нават некаторыя чарнасоценцы ды антысэміты. Не таму, што невінаваты. А таму, што трэба ня так. Трэба спрытней, хутчэй і так, каб сьлядоў не засталося.

Як — зробіцца ясна гадоў праз дваццаць-трыццаць. А Мэнахэм Мэндэль Бэйліс неўзабаве пасьля апраўданьня зьехаў зь сям’ёй у Палестыну, а потым у ЗША, дзе напісаў «Гісторыю маіх пакутаў». Адзін з разьдзелаў гісторыі яўрэяў — на якіх так зручна павесіць усё на сьвеце. Любую правіну — у тым ліку сваю. Напэўна, антысэмітаў, як і наагул расістаў, трэба ліквідаваць адразу, не чакаючы наступнага прыпынку і не марнуючы час на тлумачэньні. Кампостэр вытрымае. Бо інакш можа быць позна — і тады плата ўзрасьце ў сотні разоў.