2:44:45

Сёньня самы час для таго, каб пагаварыць пра адноснасьць часу. Пагаварыць без табло і табліцаў, бяз мыла, мыліцаў і іншай непатрэбнай мітусьні — пагаманіць так, як спакон веку гаварыў народ, які калі і глядзіць часам на зоркі, дык заўжды з разьлікам: сеяць, ня сеяць, а калі сеяць, дык што — разумнае і вечнае ці проста бульбу? І калі зь нябёсаў у гэты момант хтосьці спусьціцца — тут біць ці ня тут? Вось у чым пытаньне... Вось у чым ён — беларускі космас.

Два дні, сорак чатыры хвіліны і сорак пяць сэкундаў — гэта шмат ці мала? Каб усё пачаць спачатку. Бо звон гадзіньніка, Людміла Гурчанка і ўсё такое...

Камусьці два дні, сорак чатыры хвіліны і сорак пяць сэкундаў якраз хопіць, каб вясельле згуляць — па-багатаму, зь песьняй, скокамі і пысамі ў салатах. А камусьці і на памінкі будзе мала — бо нябожчыкі ж таксама маюць храномэтар. Аднак насамрэч дзьве гадзіны, сорак чатыры хвіліны і сорак пяць сэкундаў — лічбы для Беларусі без сумневу знакавыя. І кожны, хто, стоячы дзесьці на Глыбоччыне, падымае восеньскай ноччу галаву да неба, можа гэта пацьвердзіць.

Бо менавіта столькі часу прабавіў у космасе першы беларус, якога туды пусьцілі. Ці за-пусьцілі... Трэба сказаць, што ў космас нас пускаюць досыць рэдка. Тарас, які на Парнасе, наагул трапіў да зорак без скафандра — і ацалеў. Багдановіч намякаў, што пульт кіраваньня нашымі палётамі знаходзіцца ў агульным карыстаньні. Драздовіч там быў — але маўчаў: кансьпірацыя. І таму сапраўдным першапраходцам у гэтай справе зрабіўся просты беларускі хлопец з-пад Крупак — Уладзімер Кавалёнак. (Пятра Клімука пакінем палешукам, навырост.) Як простаму хлопцу, яму ня трэба было нічога хаваць за мэтафарамі, гіпэрбаламі і літотамі. 9 кастрычніка 1977 году ён на караблі «Саюз-25» разам з расейцам Руміным першым зь беларусаў, ліцьвіноў і крывічоў патрапіў у бязьмежжа — і прабавіў там, як ужо згадвалася, ажно некалькі дзён. Так, магчыма, расейскія іншаплянэтнікі з далёкага Байкануру такому факту не зьдзівіліся б; і амэрыканскія астранаўты не заўважылі б ніякага подзьвігу. Але для Беларусі гэта была падзея. У тыя дні мы зрабіліся касьмічнай краінай — як бы сьмешна гэта сёньня ні гучала.

Дзьве гадзіны, сорак чатыры хвіліны і сорак пяць сэкундаў... Досыць для таго, каб зрабіцца героем. Для таго, каб унесьці нацыянальны сьцяг у поўную дэпутатаў (кожны другі зь якіх таксама быў у нейкім сэнсе іншаплянэтнік) залю, столькі часу не патрабуецца. Аднак Уладзімер Кавалёнак зрабіў і гэта. Два подзьвігі за жыцьцё — такім можа пахваліцца ня кожны...

Праўда, беларускі космас касманаўту спадабаўся ня надта. Не прайшло і дваццаці трох гадоў, як касманаўт Кавалёнак падзяліўся ўражаньнямі ад наведваньня гэтай поўнай паліцаяў і бээнэфаўцаў чорнай дзіркі:

«...Што тычыцца гэтага сьцяга, дык калі ў нас былі так бы мовіць „смутныя часы“, зьвязаныя і з выбарамі старшыні Вярхоўнага Савету, і калі адбыўся развал, я, да свайго вялікага сораму, ня ведаў, што пад гэтым чырвона-белым сьцягам у Менску сустракалі фашызм. Я думаў, што гэта сапраўды нацыянальны сьцяг і я яго ўнёс. Калі ж я потым паглядзеў гістарычныя здымкі, я неаднаразова ў прэсе і гэтак далей прабачаўся перад сваім народам за гэтую памылку. Я лічу, што цяперашні наш сьцяг сапраўды прыгожы, нацыянальны, чырвона-зялёны, з арнамэнтам...»

Напэўна, менавіта такой выглядае Беларусь з космасу. Прыгожай, чырвона-зялёнай і з арнамэнтам. Праўда, кажуць, калі падляцець бліжэй, карцінка крыху зьмяняецца. А калі яшчэ кніжкі розныя пачытаць... Ды толькі часу няма, мэтэарытныя дажджы замінаюць. І на кожным мэтэарыце сядзяць Францішак Кушаль з Натальляй Арсеньневай і точаць свае крывыя нажы. Ня дай божа сапсуюць арнамэнт — што рабіць? Як ратавацца? Хоць ты не наагул не вяртайся...