Літва спыніла вяшчаньне расейскага «Першага каналу»

Літоўская кампанія Cgates часова спыніла рэтрансьляцыю «Першага Балтыйскага канала» — тэлекампаніі, створанай на базе расейскага «Першага Канала» для вяшчаньня на краіны Балтыі.
Падставай стала перадача «Чалавек і закон» пра падзеі 13 студзеня 1991 года ў Вільні, якай выйша ў эфір у пятніцу 4 кастрычніка.

Многія гледачы скардзіліся, што аўтары перадачы сказілі факты і прадставілі змагароў за незалежнасьць Літвы ў зьневажальным выглядзе.

«Мы атрымалі скаргі ад сваіх кліентаў з нагоды зьместу паказанай у пятніцу перадачы, якая, магчыма, парушае законы Літвы, і мы прынялі рашэньне не пагаршаць сытуацыю: спыніць рэтрансьляцыю ПБК. Мы папрасілі іх тлумачэньняў і тлумачэньняў літоўскіх установаў. Спадзяемся, што атрымаем тлумачэньні і, калі ўсё ў парадку, адновім трансьляцыю», - заявіў DELFI гэнеральны дырэктар Cgates Паўлюс Дамбраўскас.

Паслугамі Cgates карыстаюцца каля паўмільёна жыхароў Літвы, адзначае BBC.

Камісія літоўскага радыё і тэлебачаньня пачала расьсьледаваньне з нагоды зьместу перадачы.