Парфяновіч: Усюды кіруюць людзі, адданыя прэзыдэнту

Уладзімер Парфяновіч

Славуты беларускі спартовец, трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч прызначаны галоўным трэнэрам нацыянальных зборных Расейскай Фэдэрацыі па веславаньні на байдарках і каноэ. Ён будзе несьці адказнасьць ня толькі за падрыхтоўку мужчынскай, жаночай і юнацкай камандаў, але і за разьвіцьцё вясьлярных цэнтраў ды выкананьне праграмы веславаньня ў цэлым. У Беларусі досьвед Парфяновіча аказаўся не запатрабаваны.

На віншаваньні з высокім прызначэньнем у лягеры расейскай зборнай і шкадаваньні, што так і не давялося дачакацца прызнаньня на радзіме, спадар Уладзімер адказаў дасьціпным жартам — вось набяруся трэнэрскага досьведу, можа, нарэшце і дома запатрабуюся:

«Нічога-нічога, радзіма трошкі пачакае. Вось калі патурбуюць — тады і прыеду. Пакуль, бачыце, не завуць, не турбуюць. Значыць, не патрэбен, час не надышоў. (Сьмяецца.) З боку расейцаў давер аказаны, вядома, высокі. Але неабходна яшчэ, каб гэты давер пацьвердзіў міністар спорту Віталь Мутко. Ён, дарэчы, сёньня ў Менску, дзе адбываецца сумесная калегія спартовых ведамстваў Беларусі і Расеі».

Карэспандэнт: «Не баіцеся, што асобныя „добразычліўцы“ могуць паспрабаваць на яго паўзьдзейнічаць?»

(Сьмяецца.) «Ня выключана, але ўсё роўна ён гэтае пытаньне будзе сам вырашаць… Не, нашы ўсе добрыя людзі, і я так мяркую, што ніхто нічога падобнага ня скажа».

Апошнім часам Беларусь страчвае лідэрскія пазыцыі ў веславаньні. І гэта нягледзячы на тое, што збудаваныя ўзорна-паказальныя комплексы ў Берасьці, Жлобіне, Заслаўі. Чым растлумачыць такі адкат?
Павінны найперш будаваць маленькія, але добрыя базы, у невялікіх гарадках ці нават вёсках, каля рэчак, азёраў. А ў нас жа як? Патрэбен вялікі, але адзін-два

«У Беларусі вельмі добрыя спэцыялісты, але ідзе час, ідуць зьмены. Відаць, крыху ад часу адсталі, адарваліся ад рэаліяў. Як я разумею, на сёньняшні дзень тэхналягічна дзесьці не даганяюць. Калі я яшчэ працаваў у парлямэнце, казаў нашаму кіраўніку: мы павінны найперш будаваць маленькія, але добрыя базы, у невялікіх гарадках ці нават вёсках, каля рэчак, азёраў. А ў нас жа як? Патрэбен вялікі, але адзін-два. А я на гэты конт разумею, што трэба рабіць зусім ня так. Важна мець малыя і болей, а ня кідацца ў гігантаманію. Таму што людзі, якія прыяжджаюць у Берасьце, прабачце, з хлява, бачаць цудоўны пяцізоркавы гатэль і адчуваюць сябе, шчыра скажам, дыскамфортна. Трэба ісьці найперш да дзяцей, і тады будзе вынік».

Ці можа выказаць жаданьне трэніравацца ў тым жа Берасьці расейская зборная? Спадар Парфяновіч такой верагоднасьці не выключае. Праўда, кажа, што з такімі жа посьпехам можна выехаць на марское ўзьбярэжжа — беларускія кошты нічым не саступаюць:

«Такі варыянт цалкам магчымы — думаю, ніхто нам ня будзе ставіць палкі ў колы, калі мы зьвернемся да беларускага боку з прапановай прыехаць патрэніравацца ў Берасьці ці яшчэ дзе. Мяркую, ніякіх пярэчаньняў ня будзе. Адзінае, што ў Берасьці гэта занадта дорага, і ў гэтым прычына таго, што ніхто асабліва туды і ня едзе. Там вельмі дорага нават для багатых краінаў. Можна пра нешта меркаваць, калі, прыкладам, каманда Расеі звычайна выяжджае ў Партугалію».

Вось ужо шмат гадоў Беларусь ня мае патрэбы ў здольнасьцях Уладзімера Парфяновіча. Шматразоваму чэмпіёну сьвету і Эўропы, адзінаму ў сьвеце байдарачніку, які заваяваў тры золаты на адной Алімпіядзе, не знайшлося месца нават у дзіцячай спартовай школе. Сам Парфяновіч ацэньвае гэта адназначна — папярок горла стала ягоная грамадзянская пазыцыя:

«Цалкам зразумела, што пасьля вядомых падзеяў ніякіх прапаноў мне не магло быць. Ну проста не магло. Чатыры гады ў мяне не было аніякай працы. Зрэшты, мы ўсе апынуліся ў аднолькавым становішчы — я маю на ўвазе перадусім сваіх паплечнікаў па фракцыі «Рэспубліка».

Дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Сяргей Скрабец і Ўладзімер Парфяновіч трымаюць плякат «Свабоду Марынічу» ля будынка рэспубліканскага КДБ, Менск, красавік 2004


У 2000 годзе Парфяновіча абралі на дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Неўзабаве разам з калегамі Сяргеем Скрабцом і Валерыем Фраловым яны заснавалі парлямэнцкую фракцыю «Рэспубліка» — адзіную апазыцыйную за ўсю гісторыю «палаткі». Паралельна Парфяновіч узначальваў Беларускую фэдэрацыю веславаньня на байдарках і каноэ, быў сябрам Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Крыж на кар’еры быў пастаўлены ў чэрвені 2004 году, калі «рэспубліканцы» распачалі галадоўку пратэсту, бо не маглі ўключыць у парадак дня сэсіі ўнясеньне зьменаў у Выбарчы кодэкс. Разам з завяршэньнем паўнамоцтваў Парфяновіч быў выведзены са складу НАК (з фармулёўкай «страта даверу») і перастаў быць старшынём фэдэрацыі.

Дэпутаты Ўладзімер Парфяновіч, Валеры Фралоў і Сяргей Скрабец, чэрвень 2004


Спартовую галіну пасьля гэтага рэфармавалі — байдарку і каноэ злучылі з акадэмічным веславаньнем, а на чале паставілі тагачаснага старшыню Нацыянальнага банку Пятра Пракаповіча. Ці апраўданае дэлегаваньне паўнамоцтваў людзям, далёкім ад спорту?

«Так, дагэтуль дысцыпліны былі паасобку, але Пракаповіч кіраваў ужо дзьвюма фэдэрацыямі. І такога, што зрабілі ў Беларусі, усё скінуўшы ў адну кучу, нідзе больш няма. Гэта азначае, што людзям па барабану — акадэмічнае веславаньне, байдарка. Так яны расьпісваюцца ва ўласным дылетантызьме. Я ўвогуле не разумею нашага прэзыдэнта, які ставіць кіраваць людзей, гледзячы толькі на іх адданасьць, а не на іх прафэсіяналізм. Вось у чым памылка. Вядома, як будуць грошы, то можна зрабіць цуд. Але найперш павінны быць людзі, якія ўмеюць працаваць не наверсе, а ўнізе. Вось тады добра будзе. Не адданыя, а кваліфікаваныя людзі».

Адчаяўшыся знайсьці працу ў Беларусі, Уладзімер Парфяновіч прыняў прапанову ад Расеі і быў прызначаны на пасаду памочніка прэзыдэнта Ўсерасейскай фэдэрацыі веславаньня на байдарках і каноэ. Неўзабаве стаў старшым трэнэрам зборнай Расеі па мужчынскай байдарцы. Пры канцы мінулага тыдня прэзыдыюм фэдэрацыі пастанавіў прызначыць Парфяновіча галоўным трэнэрам зборных камандаў. Пры гэтым ён застаецца грамадзянінам Беларусі.