Глёбус пра Бязмацерных: Каця была вельмі здатнай дзяўчынай

Кацярына Бязмацерных. Фота generation.by

Целы журналісткі-падарожніцы Кацярыны Бязмацерных і яе мужа Аляксея Ілюшына застаюцца пакуль у Пакістане.
Там, каля гораду Гілгіт, 29 верасьня здарылася дарожная аварыя, у якой сямейная пара загінула. Кацярына і Аляксей падарожнічалі аўтаспынам, на момант аварыі яны былі ў кузаве.

Цяпер родныя і сябры Кацярыны і Аляксея шукаюць магчымасьць даставіць целы ў Беларусь, каб пахаваць іх тут.

Аляксей Ілюшын. Фота generation.by



Вольга Кузьміч, адна з каардынатарак моладзевага парталу Generation.by, дзе публікавала падарожныя нататкі са сваёй апошняй вандроўкі Кацярына Бязмацерных, кажа: нягледзячы на спрыяньне Міністэрства замежных спраў, даставіць целы з такой далёкай краіны, як Пакістан, вельмі складана:

Воля Кузьміч

«Гэта вельмі доўгая працэдура. Тым больш, што ў Пакістане няма беларускай амбасады і ўсё вырашаецца праз амбасады іншых краінаў. Нядаўна быў выпадак, калі забітага ў Пакістане турыста зь Літвы дастаўлялі на радзіму цэлы месяц. Гэта пры тым, што былі падключаныя некалькі амбасадаў эўрапейскіх краінаў. Таму пакуль няма ніякай інфармацыі нават для сям’і, усе мы ў чаканьні».

Нябожчыца мела шмат захапленьняў. Найперш, гэта падарожжы па азіяцкіх краінах, адкуль дзяўчына слала допісы ў розныя СМІ. Скончыўшы Інстытут журналістыкі БДУ, Кацярына працавала рэдактарам аддзелу маладзёжных праблемаў часопіса «Маладосьць», друкавалася ў часопісе «Бярозка». У кастрычніцкім нумары «Маладосьці» выходзіць яе артыкул пад назовам «Разьвітальны ліст любоўны»... Таксама Каця захаплялася сыраедзтвам, ёгай, практыкамі мэдытацыі, індыйскімі вучэньнямі. Яна мела сяброў усюды: дзе вучылася, дзе жыла, дзе працавала.

Анастасія Канановіч — Каціна аднагодка і суседка. Сустрэўшыся на экалягічным фэстывалі, дзяўчаты пасябравалі, а пасьля яшчэ і сталі жыць па суседзтве, у адным доме.

«Мы сустрэліся на экалягічна-музычным фэстывалі сяброў, якія называюць сябе
адна з нашых апошніх размоваў была пра тое, як, знаходзячыся тут і цяпер, можна адчуць, як мінулае і будучае зьнікаюць, а сьмерць перастае існаваць
сям’ёй. Фэстываль быў накіраваны на пабудову ўтапічнай схемы жыцьця, заснаванай на альтруізьме і дарэньні адно аднаму свайго часу і добрага настрою. Мы часта сустракаліся, хадзілі ў госьці адна да адной, разам наведвалі заняткі ёгі. Мы размаўлялі пра мэдытацыі, Каця захаплялася вучэньнем індыйскага мудраца Оша. Памятаю, адна з нашых апошніх размоваў была пра тое, як, знаходзячыся тут і цяпер, можна адчуць, як мінулае і будучае зьнікаюць, а сьмерць перастае існаваць. Пасьля таго як мы гэта зразумелі, нам стала ня страшна паміраць. Каця пра гэта неаднаразова казала».

Яшчэ адна Каціна сяброўка, Наталя Кавалеўская, ведала нябожчыцу зь дзяцінства. Іх сем’і жылі побач, на вуліцы Магілёўскай у Менску. Да таго як выйсьці замуж, Кацярына жыла там з бацькамі і малодшай сястрой Дашай.

«Магу сказаць, што Каця была вельмі добрым чалавекам, сьветлым, цікавым, актыўным».

Колькі гадоў таму Кацярына вучылася ў Беларускім калегіюме. Адам Глёбус выкладаў у яе літаратуру і філязофію. Ён кажа, што калі будзе друкаваць супольны зборнік сваіх навучэнцаў, то туды абавязкова ўвойдуць вершы Кацярыны Бязмацерных.

Адам Глёбус

«Лёс несправядлівы вельмі да людзей. Я хаджу выкладаць у Калегіюм, каб было наступнае пакаленьне, каб свае веды перадаць маладым, каб навучыць іх любіць лірыку, пісаць вершы. Каця была вельмі здатнай дзяўчынай. Я, калі яе сустракаў, заўсёды радаваўся, што ёсьць людзі, якія возьмуць у свае рукі нашую справу, будуць рабіць часопіс „Бярозка“, пісаць вершы. Я на яе вельмі спадзяваўся, тым больш што яна цікавілася маёй творчасьцю, вывучала мае апавяданьні, якія я пісаў для дзяцей і пра якія я ўжо сам забыўся».

Намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Наша Ніва» Зьміцер Панкавец кажа, што Кацярына супрацоўнічала з выданьнем на пазаштатнай аснове:

Зьміцер Панкавец

«Былі ў яе падарожныя матэрыялы, а таксама розныя інтэрвію. Але сталай аўтаркай яна не была, проста заўсёды дасылала матэрыялы. Са сваёй першай вандроўкі па Індыі даслала вельмі яркі матэрыял, які выйшаў на дзьвюх палосах у друкаваным выданьні „Нашай Нівы“. На жаль, з апошняга падарожжа мы матэрыялаў не дачакаліся...»

Паводле сяброў Кацярыны і Аляксея, зараз адчыняецца дабрачынны рахунак, куды ўсе ахвотныя змогуць пералічыць грошы на перавоз целаў з Пакістану ў Беларусь.