Журналісты патрабуюць аднавіць дзейнасьць «Логвінава»

Кнігі выдавецтва «Логівнаў» на міжнародным кірмашы ў Ляйпцыгу

Прадстаўнікі васьмі журналісцкіх арганізацый, сярод якіх Міжнародная фэдэрацыя журналістаў, заклікалі Міністэрства інфармацыі Беларусі вярнуць ліцэнзію выдавецтву «Логівнаў».
Заяву таксама падпісалі сябры Прафсаюзу журналістаў Азэрбайджану, Саюзу журналістаў Армэніі, Незалежнай Асацыяцыі журналістаў Грузіі, Саюзу журналістаў Малдовы, Саюзу журналістаў Расеі, расейскага Фонду абароны галоснасьці і Незалежнага мэдыя-прафсаюзу Ўкраіны. Яны бралі ўдзел у сустрэчы «За бясьпеку, правы і незалежныя стандарты для журналістаў постсавецкай прасторы» ў Кішынёве. Ліст будзе накіраваны ў беларускае Міністэрства інфармацыі Саюзам журналістаў Малдовы.

Міністэрства інфармацыі Беларусі пазбавіла ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасьць беларускага выдаўца Ігара Логвінава. У якасьці прычыны чыноўнікі спасылаюцца на рашэньне суду Ашмянскага раёну ад 18 красавіка 2013 году, згодна зь якім матэрыялы альбома «Прэс-фота Беларусі 2011», выпушчанага выдавецтвам, прызнаныя экстрэмісцкімі.

«Заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму павінна быць накіравана на прадухіленьне сур’ёзных злачынстваў супраць дзяржавы і чалавецтва, а ня быць інструмэнтам цэнзуры.

Выдавецтва „Логвінаў“ зьяўляецца адным з флягманаў у справе выданьня беларускай літаратуры. Лічым, што пазбаўленьне выдавецтва ліцэнзіі нанясе вялізныя страты як культуры Беларусі, так і іміджу краіны», — гаворыцца ў заяве.

Ігар Логвінаў паведаміў, што выдавецтва плянуе накіраваць ліст на імя міністра інфармацыі Беларусі Алега Праляскоўскага з просьбай перагледзець прынятае рашэньне. Калі гэта не падзейнічае, ён не выключае звароту ў суд.

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец заявіў прэс-службе БАЖ, што беларускае заканадаўства не дае Мінінфарму права пазбаўляць выдавецтва ліцэнзіі.