Вечная вайна

Якую працягласьць мае вечнасьць? Для шараговага, не абцяжаранага дурнымі пытаньнямі чалавека яна не перавышае адпушчанага на ягоную долю жыцьця; вернік падумае пра бога і канец сьвету. Для лінгвіста «вечнасьць» бярэ карані ў слове «век»; Вечны Жыд толькі ўсьміхнецца. І толькі палітыкі абыходзяцца зь вечнасьцю адвольна. Вечнасьць — гэта столькі, колькі трэба для таго, каб назапасіць сілы і прымераць на сябе новы лебэнсраўм.

8 кастрычніка 1508 году паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай быў падпісаны «вечны мір». За апошнія шаснаццаць гадоў перад тым яны ваявалі паміж сабой ажно двойчы, і вось, нарэшце:

«Па Божай волі і па нашай любові мы, Васіль, Божай міласьцю гаспадар усёй Русі і вялікі князь, Валадзімерскі і Маскоўскі, і Наўгародзкі, і Пскоўскі, і Цьвярскі, і Югорскі, і Пермскі, і Баўгарскі, і іншых, узялі есмо любоў і вечнае даканчэньне са сваім братам і сватам, з Жыгімонтам каралём Польскім і вялікім князем Літоўскім і Рускім, і князем Прускім, і Вялікаглокгоўскім, і Апаўскім, і Сілезкім, і Лужыцкім, і Жамойцкім, і іншых: жыць мне ў любові зь ім, паводле гэтай граматы, і быць зь ім паўсюдна заадно, і добра мне яму зычыць і яго землям, паўсюдна, дзе б ні было; а яму мне дабра зычыць і нашым землям, паўсюдна, дзе б ні было. А хто будзе мне друг, той і яму друг. А хто будзе мне недруг, той і яму недруг. А хто будзе яму друг, той і мне друг; а хто яму недруг, той і мне недруг. А быць табе, браце, на ўсялякага майго недруга са мной заадно, апрача Мэндлі-гірэя, цара Перакопскага; а мне на ўсялякага твайго недруга быць з табой заадно, і на татараў, апрача Мэндлі-гірэя, цара Перакопскага...»

Такі вось прыкладны пераклад — і гэта быў толькі пачатак той добрай, сьветлай, душэўнай граматы... Карацей, пашанцавала цару Перакопскаму Мэндлі-гірэю. І братам-манархам заставалася адно расцалавацца — хаця б з дапамогай сваіх дыпляматаў. Былі пацьверджаныя межы, і хаця нахапанае Масквой заставалася Маскве, затое бунтаўнікі князі Глінскія, якіх падтрымалі маскоўцы, згубілі свае ўладаньні ў ВКЛ і эмігравалі да «ўсходніх братоў».

У выпадку Жыгімонта І і Васіля ІІІ вечнасьць склала каля двух гадоў. Бо ўжо ў 1510 маскоўскі ўладар пачаў распрацоўваць свой «плян Барбароса». Дамовіўся «зь недругамі» — апрача цара Перакопскага, вядома — і рушыў на Смаленск... Так што лепш не задумвацца пра тое, якую працягласьць мае вечнасьць. І не чытаць граматы — і ранішнія газэты.