Ужо сёньня, 7 кастрычніка: Дзень усьмешкі і бясплатнае «кадаваньне» ад алькагалізму

©Shutterstock

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, у гісторыі.
Мітарапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асьвяціць пляцоўку па будаўніцтва новага храму ў менскім мікрараёне Лошыца. Пачатак службы ў 18.30.

У Менску пачнецца акцыя па бясплатным «кадаваньні» людзей, залежных ад алькаголю. Акцыя будзе адбывацца па адрасе: вул. Някрасава, 22, корпус 1. Зьвярнуцца да доктара і атрымаць адпаведную інфармацыю можна па адрасах: вул. Валгаградзкая, 63 (Вайніла Вольга Аляксееўна, тэл.: (17) 280-04-42, 280-48-15); вул. Маякоўскага, 162 (Базыльчык Лілія Анатольеўна, тэл.: (17) 223-79-85, 285-00-08; вул. Алтайская, 64/1 (Шмідт Тацьцяна Віктараўна, тэл. (17) 242-39-97; вул. Гастэлы, 16 (Жукава Сьвятлана Вячаславаўна, тэл. (17) 203-61-66).

У менскім клюбе "Графіці" адбудзецца канцэрт рок-гурту Neuro Dubel. Пачатак у 19.00.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1897 – у Вільні быў створаны “Бунд” – агульны габрэйскі рабочы зьвяз у Літве, Польшчы і Расеі. “Бунд” быў пралетарскай і адначасова нацыянальнай габрэйскай арганізацыяй. Ужо праз паўгоду пасьля яго стварэньня ў Менску пры судзеяньні “Бунду” пройдзе першы зьезд РСДРП, у склад якой “Бунд” увойдзе аўтаномнай часткай.

1977 – была ўхваленая апошняя Канстытуцыя СССР.

2001 – пачаліся амэрыканскія паветраныя ўдары па базах Усамы бін Ладэна ў Аўганістане.

2002 – камітэт па адукацыі, навуцы і культуры Сойму Літвы прыняў пастанову аб аднаўленьні ў Вільні дзейнасьці Беларускага музэю імя Івана Луцкевіча.

У гэты дзень нарадзіліся:

1765 – Міхал Клеафас Агінскі, дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, дыплямат, кампазытар.

1788 – Іван Насовіч, беларускі мовазнавец-лексыкограф, фальклярыст, этнограф, аўтар «Слоўніка беларускай мовы», апублікаванага ў 1870 годзе. Ён прыйшоў на сьвет у вёсцы Гразівец цяперашняга Чавускага раёну. Перад напалеонаўскім нашэсьцем скончыў Магілёўскую духоўную сэмінарыю, а пасьля вайны працаваў у духоўных і дваранскіх вучэльнях па ўсёй Беларусі, адначасова зьбіраючы прыклады жывое беларускае мовы, якія потым і складуць “Слоўнік беларускае мовы”. Апроч гэтага слоўніка, Насовіч выдаў зборнікі народных песень, прыказак і загадак.

1885 – Нільс Бор, дацкі фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

1931 – Дэсманд Туту, біскуп з Паўднёваафрыканскай рэспублікі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру.

1932 – Іван Пташнікаў, беларускі пісьменьнік. Сярод найбольш вядомых твораў майстра – апавяданьні “Львы”, “Арчыбал”, “Пагоня”, аповесьці “Лонва”, “Тартак”, “Найдорф”, раманы “Мсьціжы” і “Алімпіяда”.

1952 – Уладзімір Пуцін, расейскі прэзыдэнт і прэм’ер-міністар.

У гэты дзень памерлі:

1849 – Эдгар Алан По, амэрыканскі паэт, празаік, эсэіст, адна з вядучых постацяў амэрыканскага Рамантызму. Яго называюць пачынальнікам дэтэктыўнага жанру, ягоныя жахлівыя апавяданьні пра студню і ківач, залатога жука ці забойства на вуліцы Морг дагэтуль ледзяняць сэрца. По пражыў вельмі цяжкае нэрвовае жыцьцё, шмат пакутаваў і быў прычынаю пакутаў для свайго атачэньня. Апроч дэтэктыўных апавяданьняў, Эдгар По пакінуў у творчым даробку вершы – абсалютна незвычайныя і, магчыма, яшчэ больш жахлівыя і жаласныя, чым ягоная проза.

1939 – Раман Скірмунт, беларускі і польскі грамадзка-палітычны дзяяч.

2006 – Ганна Паліткоўская, расейская журналістка.

ЁСЬЦЬ НАГОДА

7 кастрычніка – Сусьветны дзень усьмешкі. Дзень быў устаноўлены з ініцыятывы амэрыканскага мастака Харві Бэла. Мастак застаўся ў гісторыі дзякуючы таму, што ў 1963 ён годзе прыдумаў для адной страховачнай кампаніі лягатып, які сёньня вядомы ўсім карыстальнікам Інтэрнэту пад назвай «смайліка».

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

«Сам сябе, як некаторыя пісьменьнікі, я ня браўся перакладаць, таму што ў кожнай мове ёсьць свае амаль няўлоўныя нюансы і асаблівасьці».
Іван Пташнікаў.