Словы памяці пра Віктара Івашкевіча

Віктар Івашкевіч

Пайшоў з жыцьця Віктар Івашкевіч — адзін з пачынальнікаў новага беларускага адраджэньня, патрыёт і змагар за беларускую самабытнасьць, грамадзянскія правы і свабоды, незалежную Беларусь.


Словы памяці пра Віктара Івашкевіча кажуць ягоныя паплечнікі і сябрыю

Вельмі мужны чалавек і адзін з самых вялікіх патрыётаў


Алесь Суша, паплечнік у беларускім адраджэньні канца 80-х:

Алесь Суша. Фота Арцёма Канцавога

«Асірацела ягоная сям’я, асірацеў сын, асірацеў бацька, асірацела жанчына. Асірацеў увесь народ наш, бо страціў свайго самага адданага заступніка. Асірацела ўся краіна, бо вельмі мужны чалавек і адзін з самых вялікіх патрыётаў. У Караткевіча ёсьць такія словы: „А мужчыны, як скалы: ударыш — і зломіцца меч“. Віктар і быў такой скалой. І думаю, што нават аб ягоны дух яшчэ не адзін меч зломіцца».



Не ўяўляю, хто б яго мог сёньня замяніць


Сяргей Харэўскі, культуроляг, паплечнік у беларускім адраджэньні канца 80-х:

Сяргей Харэўскі

«Зь Віктарам Івашкевічам я сябраваў больш за 30 гадоў, фактычна ўсё сваё сьвядомае жыцьцё. Дзякуючы Віктару я распачаў свае публічныя выступы. Напрадвесьні перабудовы ў Верхнім горадзе адбыўся мітынг супраць пракладкі другой лініі мэтро пад гістарычным цэнтрам гораду, цалкам арганізаваны Віктарам Івашкевічам. З розных прычынаў знаныя, сур’ёзныя і дарослыя гісторыкі, гісторыкі архітэктуры не змаглі паўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве, адкрыць яго. Выступіў я і сьветлай памяці Сяржук Вітушка. Віктар тады падтрымаў мяне, абнадзеіў, ляпнуў па плячы і пераканаў мяне, што ўсё ў мяне атрымаецца. Менавіта дзякуючы Віктару ў вялікай ступені я стаў тым, якім я ёсьць, а ня іншым. Вядома, нас гэтая падзея на доўгія гады злучыла шчырым сяброўствам. Я ня памятаю, каб ён быў у адчаі: гэта быў чалавек невынішчальнага аптымізму. Калі здавалася, што ўсё ўжо скончана, што бітва прайграная, ён знаходзіў заўсёды такія ракурсы і такія словы, каб усіх абнадзеіць, каб усяліць надзею на лепшае, што яно ў нас наперадзе. Ён змушаў нас не складаць рук, працаваць і верыць, што лепшае настане. І вось гэты дар — іншым дарыць надзею, напаўняць аптымізмам і падбухторваць да стваральнай працы — гэта ўнікальны дар, і я ня ведаю, хто б яго мог сёньня замяніць».



Нам застаецца большая адказнасьць — каб Беларусь сталася паважанай у сьвеце


Славамір Адамовіч, паэт, паплечнік у беларускім адраджэньні канца 80-х:

Славамір Адамовіч

«Я сапраўды быў вельмі добра знаёмы зь Віктарам яшчэ з часоў талакоўскіх, канца 80-х гадоў. Гэта сапраўды перадусім быў аптымістычны чалавек, ён заўсёды дадаваў энэргіі і надзеі. Мае шчырыя спачуваньні сыну, жонцы, сваякам і ўсім нам. Бо адышоў вельмі добры, вельмі важны для найноўшай гісторыі Беларусі чалавек, для часоў адраджэньня і часоў станаўленьня беларускасьці. І нельга сказаць, што не дачакаўся: яна ёсьць, яна прысутнічае і дзейнічае на мапе сьвету. Адзінае, што нам — хто працягвае жыць і дзейнічаць тут — застаецца большая адказнасьць: давесьці нашую агульную мару да вынікаў патрэбных, каб Беларусь сталася паважанай у сьвеце.



Спакойны і ўпэўнены чалавек у тым, што ён робіць


Юрась Беленькі, намесьнік старшыні партыі БНФ, адзін з пачынальнікаў адраджэньня 80-х:

Юрась Беленькі

«Віктар быў, як вызначаюць псыхолягі, сангвінікам — спакойны, упэўнены. Добра разумеў, што адбываецца, меў вытрымку, калі і наступы былі. Памятаю, што калі на паседжаньне „Талакі“ прыходзілі чэкісты, то ён спакойна рэагаваў і іншым раіў гэтак жа ставіцца. Таму ў мяне ўспаміны як пра чалавека, які ведаў, што рабіў — такім ён застаўся ў маёй памяці».



Яны аднадумцы і ў беларускай справе былі разам


Натальля Пінчук, жонка адраджэнца 80-х Алеся Бяляцкага:

Натальля Пінчук

«Я ведаю, што Алесь яго часта ўзгадваў, пакладаўся на яго, і яны былі вельмі блізкія — гэта нібыта само сабой было зразумелым. Ёсьць няшмат такіх людзей, пра якіх і гаварыць шмат ня трэба: людзі незаменныя і надзейныя. Яны з таго, аднаго пакаленьня, якое распачынала адраджэньне, і ў беларускай справе былі разам».