Аляксандар Лукашук пра тэлефон Сэлінджэра

  • Аляксандар Лукашук
У верасьні ў ЗША выйшаў дакумэнтальны фільм «Сэлінджэр» і біяграфія з такой самай назвай. Аўтары, Дэйвід Шылдс і Шэйн Салерна, здымалі фільм пяць гадоў, сабралі сьведчаньні і меркаваньні паўтары сотні людзей, а цяпер выдалі кнігу. Гэта ўжо трэцяя ці чацьвертая біяграфія Джэрома Сэлінджэра (1919-2010) пасьля кнігі яго дачкі «Лавец мараў», якая пабачыла сьвет яшчэ пры жыцьці. Таксама зьявілася некалькі важных публікацыяў у амэрыканскім і брытанскім друку, у тым ліку напісалі пра адносіны зь ім ягоныя каханкі, якіх, як высьвятляецца, было нямала і пераважна ў даволі рызыкоўным юным узросьце.

Вокладка савецкага выданьня The Catcher In The Rye

«Лавец у жыце», самы вядомы твор Сэлінджэра, быў адной з рэдкіх выдатных амэрыканскіх кніг, якія шырока друкаваліся ў Савецкім Саюзе і ў перакладзе на рускую, і па-ангельску. Па-беларуску кніга не выходзіла.

Сэлінджэр належыць да аднаго пакаленьня з Васілём Быкавым і, на думку большасьці яго біёграфаў, менавіта вайна была галоўнай падзеяй яго біяграфіі. Ён правёў на фронце 299 дзён (з 337, якія амэрыканскія салдаты ўдзельнічалі ў баях): высадка ў Нармандыі, бітва за Бюльге, вызваленьне жахлівага канцлягеру Каўфэрынг. Біёграфы пераклалі гэты досьвед на мову мэдыцыны — посттраўматычнае стрэсавае расстройства. Ніколі ня бачыў падобнага вызначэньня ў тэкстах пра беларускіх пісьменьнікаў — вэтэранаў вайны ці ахвяраў ГУЛАГу. Ня думаю, што мэдыцына вызначае літаратурныя якасьці — але напэўна дадае інструмэнт для аналізу і разуменьня творчасьці.

Лічыцца, што пра вайну Сэлінджэр не пісаў. Але гэта можа зьмяніцца — ня ў тым сэнсе, што аўтар напіша нешта новае, а ў тым, што чытачы могуць пазнаёміцца зь яго невядомымі раней творамі.

Біяграфія, напісаная Дэйвідам Шылдсам і Шэйнам Салернам, уяўляе сабой хутчэй рэжысэрскі сцэнар дакумэнтальнага фільму. Як для мяне, дык самае важнае ў ёй — інфармацыя, што фонд Сэлінджэра мае рукапіс ваеннай аповесьці і — сэнсацыя — працяг «Лаўца ў жыце».

На думку крытыкаў, аднак, гэта не такая ўжо і сэнсацыя. Наяўнасьць неапублікаваных твораў Сэлінджэра ніколі не выклікала вялікіх сумневаў. Сумнеў выклікае іншае — іх якасьць. Як казаў герой «Лаўца» Голдэн Колфілд, людзі заўсёды пляскаюць у далоні ня з той нагоды.

Але самая папулярная цытата з Сэлінджэра, як сьведчаць інтэрнэт-рэйтынгі, іншая:

«Што насамрэч вырубае мяне, дык гэта кніга, пасьля якой хочацца, каб яе аўтар быў тваім крутым сябруком і яму можна было пазваніць заўсёды, як прыпрэ. Нячаста такое здараецца, што праўда».

Усплеск цікавасьці да Сэлінджэра прынамсі дае адну вартую падказку — перачытаць раман і апавяданьні. У сучаснай Беларусі аднагодкі Колфілда таксама часта пляскаюць у далоні ня з той нагоды.

Але некаторыя ня пляскаюць. Як Колфілд.

І яшчэ адно, пра аўтараў, зь якімі хочацца сябраваць. Я падумаў, вось каму б я хацеў напісаць ці пазваніць у Беларусі — Уладзю, Андрэю, Віктару, Валянціну, Валодзю, Барысу, Вінцэсю, Леаніду, Альгерду, Мікалаю... І гэта без паэтаў! І не чакаць калі «прыпрэ», а проста пры жыцьці сказаць тое, што звычайна не пасьпяваюць сказаць пры жыцьці.

Званіце.