Вячка Целеш: Скласьці радавод — як узьвесьці аднаму піраміду

Вячка Целеш

На радаводным дрэве мастака Вячкі Целеша, якому 25 верасьня спаўняецца 75 гадоў, — больш за 500 атожылкаў. Так абсяжна дасьледаваўшы свае карані і крону, сёньняшні жыхар Рыгі і кавалер латвійскага ордэну Трох Зорак лічыць, што без радаводу ні асобны чалавек, ні народ існаваць ня могуць. А яшчэ ён перакананы: толькі мова і бел-чырвона-белы сьцяг зьяднаюць беларусаў.
Напярэдадні юбілею мы сустрэліся з мастаком у «Вольнай студыі».

— Спадар Вячка, вось я трымаю ў руках ваш толькі што выдадзены ёмісты фаліянт «Адсюль наш род, тут мой прычал», дзе апісаны радавод Целешаў, што паходзяць з вашай радзімы — сучаснага пасёлка Краснасельскі, што на Ваўкавышчыне. Першае пытаньне можа быць толькі адно — як вы гэтаму далі рады?

— Складаньне і апісаньне радаводу — гэта сапраўды нялёгкая праца. Спачатку я думаў толькі пра сваіх дзядоў, прадзедаў. Але, пачаўшы дасьледаваць паходжаньне свайго прозьвішча, пабачыў, што сярод жыхароў Краснага Сяла
Пытаюся ў суродзіча, напрыклад, пра свайго дзеда і чую ў адказ: «А нашто табе?
ці не траціна Целешаў. Мне адразу падумалася: ці не з аднаго яны роду? І сапраўды, калі я знайшоў у архіве дакумэнты 1795 году, дзе перапісаныя ўся вёска і ўсе Целешы, то зразумеў — усе яны родзічы. Прызнаюся, сабраць зьвесткі пра сотні людзей — архіскладаная праца, асабліва ў Беларусі. Тут яшчэ, як выглядае, не даюць сябе забыць злавесныя цені мінулага. Пытаюся ў суродзіча, напрыклад, пра свайго дзеда і чую ў адказ: «А нашто табе? Можа, ты шпіён?». Людзі розныя сустракаліся. Але, дзякуй Богу, многа было і такіх, якія мяне разумелі, называлі летапісцам роду. Незабыўная сустрэча адбылася ў мяне ў Ваўкавыску — зь Целешам, якому было 105 гадоў. Ён ужо не ўставаў з ложка, але калі я загаварыў да яго па-беларуску і расказаў пра свой клопат, ён жвава падхапіўся і пачаў са мной размаўляць — таксама па-беларуску. Быццам родная мова яму сілы дадала! Такія сустрэчы і такія людзі давалі мне імпульс да працы. Скласьці радавод — як узьвесьці аднаму піраміду. Усе Целешы чакалі гэтай кніжкі!

— Колькі ж у ёй герояў?

— Больш за 500. Я кожнай сям’і, а іх больш за 50, паабяцаў падараваць кнігу.

— Вы ў сваёй кнізе аб’ядналі паўтысячы Целешаў з розных мясьцінаў сьвету. Хтосьці, мабыць, да сустрэчы з вамі і ня ведаў, адкуль яго карані. А што можа зьяднаць усіх беларусаў?

— Што можа зьяднаць? Вось я назіраю за латышамі. Я прыехаў у Латвію дзевятнаццацігадовым юнаком і з той пары там жыву. Латышоў яднае родная мова і родная зямля. У іх на кожным сьвяце гучаць песьні, як правіла, патрыятычныя, а такіх песьняў у іх сотні і сотні. Калі прыйдзеш у госьці да латыша, то песьні там сьпяваюць толькі латыскія, прычым старыя і малыя. Усе іх ведаюць. Зь дзіцячага садка ўсе ведаюць гімн Латвіі. У ім — ня заклік да барацьбы, а малітва да Бога: «Божа, захавай Латвію, нашу зямлю». Таму латышоў ніякія палітыкі ня могуць разьяднаць. Я часам думаю: калі б беларусы і сёньня былі пад бел-чырвона-белым сьцягам, каб сёньня, як і ў пачатку 90-х, усе начальнікі гаварылі па-беларуску, то народ таксама быў бы з’яднаны. Толькі родная мова і нацыянальныя сымбалі здольныя зьяднаць беларусаў.

— Нацыянальная сымболіка, дарэчы, нярэдка прысутнічае на вашых карцінах, нават на эксьлібрысах. А яшчэ ў вас вельмі цікавы партрэтны шэраг — Ларыса Геніюш, Зоська Верас, Кастусь Езавітаў... Нядаўна прачытаў у адной мэмуарысткі пра апошняга: пайшоў фальшывай дарогай. А для вас Езавітаў — герой?

— Кастусь Езавітаў — гэта наша гісторыя. Яго імя зьвязанае з заснаваньнем БНР. Гісторыю нельга таптаць і выкідаць на сьметнік. Кепска тое, што многія людзі ня ведаюць праўды пра Езавітава. Я чытаў яго лісты ў латвійскім архіве. У часы нямецкай акупацыі не было з яго боку ніякай палітыкі. Ён займаўся арганізацыяй беларускіх школаў, напрыклад, у Індры, дзе працавала беларуская гімназія. У Езавітава быў годны паплечнік у гэтай справе — Сяргей Сахараў, пэдагог. Яны нават у той неспрыяльны час думалі пра тое, як беларускіх дзяцей у Латвіі вучыць. І ўсё. А сёньня нехта хоча прыпісаць Езавітаву супрацоўніцтва зь немцамі, з КГБ ці яшчэ якія грахі. А трэба ўпомніць ўсё добрае, што ён зрабіў. Езавітаў быў геніяльны арганізатар. Ён столькі за сваё жыцьцё стварыў — таварыстваў, школаў, тэатраў!

— Ваша пэрсаналія ёсьць у 60-тамовай энцыкляпэдыі мастакоў усіх часоў і народаў. Гэта, мабыць, прыемна. А каго з сучасных беларускіх творцаў вы лічыце вартымі сусьветнай славы?

— Шчамялёва, Марачкіна... Такіх нямала. Помню, падчас аднаго з прыездаў на радзіму мяне пазнаёмілі на выставе з адным мастаком, які напісаў-наштампаваў сотні мадоннаў. Рафаэль адну намаляваў, і яго ведаюць ва ўсім сьвеце... Калі я з тым мастаком загаварыў па-беларуску, ён кінуўся ў спрэчку: «Мы интернационалисты, белорусский язык нам не нужен» і г.д. Калі ты беларус, то як ты можаш ад сваёй мовы адмаўляцца? Добрыя мастакі свайго ўсё ж трымаюцца — той жа Сяўрук ці Сергіевіч зь Вільні, з якім я быў знаёмы і нават начаваў у яго майстэрні. Вось цудоўныя майстры, яны пакінулі па сабе выдатныя творы, але іх трэба рэклямаваць, каб пра іх ведалі за мяжой.

— Вы маеце найвышэйшую ўзнагароду Латвіі — ордэн Трох Зорак. А ня крыўдна, што родная беларуская дзяржава вас аніяк не адзначыла?

— Я не крыўдую. Па-першае, я жыву ў Латвіі, гэта мая дзяржава. Па-другое, для мяне незабыўны той час, 1992 год, калі Міністэрства культуры Беларусі
крыўдна, што адносіны дзяржавы да нас, прадстаўнікоў дыяспары, сталі цяпер больш прахалодныя
прыгнала машыну ў Рыгу, куды мы загрузілі ледзь ня ўсе мае творы. І тады мае выставы адбыліся ў Горадні і ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску, які закупіў мае працы. Але такіх, як я, нямала па-за межамі Беларусі. Усё ж трошкі крыўдна, што адносіны дзяржавы да нас, прадстаўнікоў дыяспары, сталі цяпер больш прахалодныя. Што да беларускіх узнагародаў, то я адну такую маю. За кнігу «Гарады Беларусі на старых паштоўках» я атрымаў прэмію імя Францішка Багушэвіча — ад беларускага Пэн-цэнтру. Пасьведчаньне падпісанае Васілём Быкавым. Для мяне гэта самая ганаровая ўзнагарода.

— Апрача ўсяго вы — майстра эксьлібрыса. Вашыя кніжныя знакі — як візытныя карткі пісьменьнікаў. Колькі вы іх зрабілі?

Эксьлібрыс Зоські Верас

— Больш за 70. Гэта таксама складаная праца, бо я працую пёркам і тушшу — кропачкамі, якіх трэба паставіць тысячы. У эксьлібрысе я стараюся паказаць сутнасьць творцы. Памятаю, Уладзімеру Караткевічу рабіў. Ён быў вельмі задаволены, калі я яму на 50-годзьдзе зрабіў і прывёз у Менск. Потым ён папрасіў дадрукаваць, і я яшчэ 200 адаслаў. Тады Пагоня была забароненая, а я яму зрабіў эксьлібрыс з Пагоняй. Гэта яго асабліва ўсьцешыла. Мне на адзін эксьлібрыс трэба месяцы два, а нехта яго робіць за адзін вечар.


— Днямі з Польшчы прыйшла трывожная навіна — польскі ўрад мае намер істотна скараціць выдаткі на нацыянальныя меншасьці. Беларусам на Беласточчыне прыйдзецца няпроста. А ці падтрымлівае Латвійская дзяржава беларусаў, якія там жывуць?

— Адносіны да нацыянальных меньшасьцяў і ў Латвіі апошнім часам таксама складаныя. Напрыклад, ледзь не зачынілі беларускую школу ў Рызе, ледзь не закрылі беларускую паўгадзінную праграму на радыё, якая раз на месяц выходзіць. Але ж я ўваходжу ў кансультацыйную раду пры прэзыдэнце, таму адстаяў. Прэзыдэнт нават прыяжджаў да нас у школу, якая і надалей існуе. Сёньня, як і ў іншых краінах, у Латвіі трэба пісаць праекты. Вось мне трэба было правесьці юбілейную выставу мастацкай суполкі «Маю гонар». Я ў Рыскую думу напісаў праект, камісія разгледзела, выдаткавалі, хоць і невялікія, грошы, нам хапіла. На жаль, падтрымка зусім ня тая, якая была раней.