Ян Максімюк пра новую рубрыку «Варта»

Пачынаючы з гэтай восені, мы запускаем на нашым сайце новую рубрыку пад назвай «Варта». Агульна кажучы, хочацца ў ёй пісаць пра людзей, падзеі і рэчы, пра якія варта пісаць, але пра якія чамусьці ніхто ня піша ў іншых рубрыках. Пісаць з націскам на ART, то бок з націскам на мастацтва ў жыцьці і на мастацтва жыцьця.
Паколькі ў нашай задуме рубрыка павінна напаўняцца калектыўна, як супрацоўнікамі нашай рэдакцыі, так і вонкавымі аўтарамі, яе фармальныя прыкметы (патрабаваньні фармату) зводзім да мінімуму: памер тэкстаў — у разумных межах (прыблізна дзьве старонкі машынапісу, у некаторых апраўданых выпадках можна крыху больш); стыль тэкстаў — адвольны, але крайне пажадана, каб ён быў індывідуальны і выяўляў перш за ўсё асобу аўтара, чым каго-небудзь іншага; фоткі і іншы ілюстрацыйны матэрыял, уключна зь відэакліпамі і аўдыё-файламі, будуць вельмі дарэчы; тэмы тэкстаў...

Пра тэмы трэба сказаць асобна.

«Раней кнігі пісалі пісьменьнікі, а чыталі чытачы. Цяпер кнігі пішуць чытачы і не чытае ніхто» — іранізаваў болей чым 100 гадоў таму Оскар Уайлд. Адчуваньне такое, што калі б Уайлд жыў сёньня, падстаў да ягонай іроніі было б непараўнальна больш. Прымусіць сучасных чытачоў, каб яны перасталі пісаць кнігі і сталі іх чытаць — ня ў нашых сілах. Але мы можам у нашай рубрыцы пачаць пісаць пра кнігі так, каб нейкія зь іх чытачам захацелася прачытаць, а іншыя — наадварот, расхацелася. Чытачы, зразумела, і так нас не паслухаюць і не прачытаюць таго, што мы ім рэкамэндуем, але мы пасьля напісанага ў нашай рубрыцы заўсёды можам сказаць з чыстым сумленьнем — як сабе хочаце, але мы вас папярэджвалі, што варта, а што не...

Дарэчы, нашу рубрыка «Варта» ня варта абмяжоўваць чыстым мастацтвам — калі вы прачыталі кнігу, якая пераварочвае вашы ўяўленьні пра гісторыю ці псыхалёгію, адкрывае вартую ўвагі пэрспэктыву на будучыню ці разбурае нейкі міт, і вам аж карціць пераказаць гэта некаму, дык не вагайцеся. Ваш адрас — адназначна «Варта».

Пра фільмы, відаць, ня варта тут і згадваць. Але я згадаю: калі нейкая карціна ў кінатэатры (або на вашым кампутары) вас зачапіла і вам ёсьць што сказаць пра яе ды хочацца парэкамэндаваць іншым, дык рубрыка «Варта» і ёсьць тое месца, дзе гэта можна зрабіць самым наўпроставым чынам — напісаць сваё і даслаць на адрас «Варта». Гэта магчыма зрабіць як у дачыненьні да фільму «La Vie d’Adèle — Chapitres 1 & 2», які, відаць, паглядзяць усе, так і ў дачыненьні да фільму «Візыт аркестру», які, мабыць, паглядзелі і паглядзяць толькі лічаныя. Які зь іх глядзець больш варта, гэта і ёсьць нетрывіяльнае пытаньне — якраз у нашу рубрыку...

Тэатар... Зразумела, пра цікавую прэм’еру ў нацыянальным акадэмічным тэатры Янкі Купалы напішуць шмат дзе, і нашай рубрыцы, магчыма, няма чаго спаборнічаць у гэткіх водгуках і рэцэнзіях. Але з другога боку — чаму не паспаборнічаць? Ды напэўна трэба нам пісаць пра вартыя ўвагі пастаноўкі ў Магілёве або Беластоку. Нядаўна я меў нагоду прысутнічаць на перадпрэм’ерным паказе адной п’есы на сцэне Тэатральнай акадэміі ў Беластоку ў невялічкай залі, разьлічанай на 50 гледачоў, зь якіх як мінімум палова выйшла пасьля гэтага спэктаклю са сьлязьмі ўзрушанасьці ў вачах. Чаму не расказаць пра гэтую ўзрушанасьць, без прэтэнзій на нейкую аб’ектывізаваную ацэнку і глыбінны аналіз тэатральнага мастацтва? Проста так, каб адзначыць нешта вартае, процьма якога здараецца і прамінае без належнай яму нашай увагі...

Карацей, пра мастацтва ў жыцьці, як тэму для нашай рубрыкі, збольшага павінна быць зразумела.

А што з мастацтвам жыцьця, якое таксама павінна стаць аб’ектам зацікаўленьня нашай рубрыкі? Мне гэта цяжка растлумачыць у агульнасьці, а таму я пакарыстаюся прыватным выпадкам.

Пад канец жніўня мы са знаёмым з Падляшша наведалі ягоныя родныя мясьціны ў гміне, якая мяжуе зь Беларусьсю. Сярод іншага, мы пад’ехалі пад самую дзяржаўную мяжу, дзе нашы мабільнікі сталі паведамляць нам, што мы ўжо ў Беларусі і што тут тарыф за размовы іншы, чым у Польшчы... Дык вось, там на самай мяжы, у драўляным доме, купленым у нейкага беларускага аўтахтона, які перабраўся ў Гайнаўку або ў Бельск, пасялілася пара мастакоў з цэнтральнай Польшчы. Я кажу пра іх мастакі, але я ня ўпэўнены, ці яны насамрэч закончылі нейкія мастацкія школы або нешта такое. Проста мне яны падаліся мастакамі, таму што ў сваім доме «на нашым канцы сьвету» яны арганізавалі нешта накшталт пушчанскай карціннай галерэі. З матэрыяльнага гледзішча, як было відаць, жывецца ім там нясоладка, яны гадуюць козы, нешта вырошчваюць у сваім агародчыку, магчыма, зьбіраюць грыбы і ягады, каб папоўніць сямейны бюджэт. Запытацца ў іх, за кошт чаго яны насамрэч жывуць, я не наважыўся. А яны распавядалі, што ў гэтай глухамані знайшлі такое жыцьцё, пра якое ўвесь час марылі ў сваёй Лодзі — пра жыцьцё далёка ад гарадзкога шуму і мітусьні. У гэтым месцы, казаў мне гаспадар, сапраўды чуваць цішыню — гэта значыць, наогул чуваць цішыню, бо бываюць поры году, калі па начах у пушчы выюць ваўкі, а днём алені сьпяваюць свае любоўныя песьні...

Вось такое, па-мойму, ня менш вартае нашай рубрыкі, чым, прыкладам, выхад новай кнігі Андрэя Федарэнкі або новай кнігі Іэна Мак’юэна, або новага альбому Роя Гарпэра.

Давайце пісаць, ратаваць вартае ад забыцьця...